Уладзіміра Мацкевіча судзілі за ўдзел у мітынгу, на якім яго не было
Сёння, 15 сакавіка, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска судзілі Уладзіміра Мацкевіча, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы 15 лютага.
Уладзімір Мацкевіч заяўляе, што ў акцыі ён не ўдзельнічаў і быў у гэты час у Варшаве, што пацвердзіў квіткамі і штампамі ў пашпарце.
Суддзя Шабуня дазволіла рабіць здымкі.
"Еўрарадыё" паведамляе, што паказанні супраць Уладзіміра Мацкевіча давалі супрацоўнікі АМАПа Ілля Якаўлеў і Аляксандр Шушко, якія заявілі, нібы пазналі ў Мацкевічы ўдзельніка мітынгу. Па словах амапаўцаў, Мацкевіч стаяў з расцяжкай: "Праца". Таксама ў працэсе прыняў удзел участковы Дзяніс Трасняк, які склаў пратакол на Мацкевіча за ўдзел у мітынгу. Усе міліцыянты былі папярэджаныя пра адміністратыўную адказнасць за непраўдзівыя сведчанні. Аднак усе яны заяўлялі пра сваю ўпэўненасць у тым, што пазналі Мацкевіча.
Сядзяць сведкі — амапаўцы Якаўлеў і Шушко
Ілля Якаўлеў засведчыў, што 15 лютага бачыў У. Мацкевіча на мітынгу з расцяжкай: "Праца". Сведка запомніў яго, бо "быў здзіўлены, што такі дарослы чалавек займаецца такімі рэчамі", распавядае ў фэйсбуку Аляксей Казлюк. Адвакат запытаў Якаўлева: "На якой адлегласці вы стаялі ад Мацкевіча?" — "На адлегласці, якая дазваляла яго пазнаць". — "Якая гэта адлегласць?" — "Не магу адказаць". — "Апішыце другога чалавека, з якім Мацкевіч трымаў расцяжку", — папрасіў адвакат. — "Затрудняюсь". — "Чаму вы з усіх удзельнікаў вы запомнілі толькі Мацкевіча?" — "Падаўся падазроным. Дакладна ўпэўнены, што гэта быў ён".
Сведка-ўчастковы Дзяніс Трасняк, хоць і не ведаў Мацкевіча, аднак на акцыі таксама яго пазнаў.
Пасля Уладзімір Мацкевіч зрабіў заяву і паведаміў, што быў у гэты час у Варшаве. Паказаў суду квіткі на самалёт: ён вылецеў у Варшаву 14 лютага, а ў Мінск вярнуўся 16-га. Таксама яго адсутнасць у Беларусі пацвярджаецца памежнымі штампамі ў пашпарце, адзначае "Еўрарадыё".
Уладзімір Мацкевіч дэманструе пашпарт са штампамі памежнікаў
Уладзімір Мацкевіч папрасіў прыцягнуць сведак да адказнасці, а адвакат настойваў на спыненні справы.
Суддзя Шабуня сказала, што доказаў ёй дастаткова і іншых не патрэбна. Суд пастанавіў вярнуць матэрыялаў у РУУС для выпраўлення недахопаў і дапрацоўку.
Фота з сацсетак