Уладзімір Пастухоў: Быць ці не быць рускай цывілізацыі?

500 гадоў Расія была «дзяржавай ваеннай», сэнс існавання якой — быць пагрозай свеце. Цяпер так працягвацца больш не можа, лічыць палітолаг і гісторык Уладзімір Пастухоў.

afanasij_nikicin.jpg

Калі ўсе ілюзіі пуцінскай рэстаўрацыі знікнуюць, гістарычная праўда паўстане перад Расіяй ва ўсёй сваёй жахлівай аголенасці: той спосаб, з дапамогай якога руская цывілізацыя развівалася апошнія пяцьсот з лішнім гадоў, цалкам вычарпаў сябе. 

А калі так, то адказ на пытанне, быць ці не быць рускай цывілізацыі, будзе залежаць выключна ад яе здольнасці або няздольнасці да пераўвасаблення — гэта значыць, да радыкальнага і бескампраміснага пераўвасаблення і змянення сябе. Больш радыкальнага, напрыклад, чым бальшавіцкі пераварот, які на паверку аказаўся «пераліцоўкай» імперыі «футрам унутр».

Але што гэта значыць? Нельга ж проста ўзяць і стаць іншымі толькі таму, што гэтага вельмі хочацца. Так не бывае. Перабудаваць сябе на прынцыпова іншых падставах на пустым месцы — гэта ўтопія. Заклікаць да гэтага — усё роўна што стаць героем анекдота пра пугача, які раіў зайцам стаць вожыкамі, каб выратавацца ад лісаў. 

Глядзіце таксама

Але ёсць адна добрая навіна. Месца гэта не зусім пустое. Ля сваіх вытокаў руская цывілізацыя патэнцыйна вызначала дзве лініі развіцця, кожная з якіх абяцала быць паспяховай. Пасля, аднак, запатрабаванай аказалася толькі адна мадэль, а другая стала яшчэ адным рускім «градам Кіцежам» і сышла на дно гістарычнай памяці як нерэалізаваная магчымасць. Таму гаворка ідзе не пра канструяванне нейкай навамоднай гістарычнай «лінейкі», а пра аднаўленне забытай традыцыі. 

Парадаксальным чынам выратаванне рускай цывілізацыі можа аказацца вяртаннем да згубленых каранёў, але толькі значна больш глыбока закапаных і таму больш фундаментальных, чым тыя карані, да якіх здолелі дабрацца аўтары новага кароткага курсу гісторыі Расіі.

У XV стагоддзі вялікаруская народнасць стаяла на скрыжаванні дзвюх дарог. Адна вяла ў Масковію — да дзяржавы, якую праз некалькі стагоддзяў адзін з рускіх імператараў, калі верыць наяўным апокрыфам, вызначыў як «дзяржаву ваенную», сэнс існавання якой — быць пагрозай свету. Гэтай дарогай, уласна, і пайшло гістарычнае развіццё, яе выгіны і выбоіны нам вядомыя ва ўсіх драбнюткіх дэталях. 

Але быў і іншы шлях, пра які калі і ўспамінаюць, то неахвотна і грэбліва. Гэты шлях пралягаў праз Паўночную Русь, яе шматлікія гандлёвыя гарады-рэспублікі. Па сутнасці, гаворка ідзе пра дзве мадэлі: «Русі Ярмака» (сцэнар ваеннай каланізацыі) і «Русі Нікіціна» (сцэнар гандлёвай каланізацыі). 

Глядзіце таксама

Дзеля справядлівасці, неабходна прызнаць, што для паспяховай гандлёвай каланізацыі ў тую эпоху было мала шанцаў, што даказваецца ў тым ліку камерцыйнай безгрунтоўнасцю праекта Афанасія Нікіціна. Але гэта не значыць, што патэнцыял для такой каланізацыі адсутнічаў. Выкрутлівасць, адаптыўнасць, ініцыятыўнасць рускага купецтва нават сёння, праз пяцьсот гадоў, уражвае.

Сёння, калі прастора для сілавой экспансіі рускай цывілізацыі стала вельмі абмежаванай, і любыя спробы вярнуцца на гэтую сцежку толькі прыводзяць да катастрафічнага і бесперспектыўнага вынішчэння рэсурсаў, зварот да дагэтуль недавыкарыстанага альтэрнатыўнага метаду, да таго іншага складніку рускай культуры, які рэформы Івана Грознага і Пятра Першага маргіналізавалі, бачыцца амаль адзіным шанцам на падаўжэнне гістарычнага быцця рускага свету.

Калі рускія хочуць захаваць сваю адзіную культурную і палітычную прастору, яны павінны прадэманстраваць такую ж выдатную здольнасць гандляваць (у шырокім сэнсе – узаемадзейнічаць) з іншымі светамі, якую да гэтага яны дэманстравалі ў асноўным толькі ва ўменні заваёўваць іншыя краіны і землі. 

Але гэта зусім іншы тып цывілізацыі, чым той, да якога яны прывыклі, прынцыпы яго арганізацыі не проста адрозніваюцца ад прынцыпаў арганізацыі рускага свету за апошнія 500 гадоў, але і прама процілеглыя яму. Расія будучыні альбо будзе непазнавальнай, альбо яе не будзе.

Глядзіце таксама