Уладзімір Някляеў выйшаў на свабоду
З цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску вызвалены паэт і палітык Уладзімір Някляеў.
Ён распавёў, што 8 траўня перажыў гіпертанічны крыз, нават страчваў прытомнасць. Але належнай медыцынскай дапамогі так і не атрымаў. Таксама да яго не дапусцілі адваката. Аднак самым цяжкім выпрабаваннем стала фактычная забарона займацца літаратурнай працай:
— Вольга, жонка мая, разумеючы, як для мяне гэта важна, перш, чым прывезці ежу, прывезла мне паперу і асадку, каб я пісаў. Я так і думаў, што пяць дзён папішу, хай сабе і ў камеры. Мне прыносяць паперу, сшынак. Я пытаюся: “А чым мне пісаць?” — “А вы самі прыдумайце”. Такога кшталту жарт. Гэта па маіх нервах ударыла моцна. Бо гэта відавочны здзек: ты думаеш, што ты пісьменнік, а ты проста зэк.
Адразу пасля сканчэння арышту Уладзіміра Някляева яму ўручана новая позва ў суд на 17 траўня за ўдзел у мітынгу і дэманстрацыі 1 траўня. Па словах Уладзіміра Някляева, супрацоўнікі міліцыі «паабяцалі» гэтым разам 15 сутак арышту.
Паводле «Радыё Рацыя»