Міхаіл Жамчужны: рэпутацыя праваабаронцаў у вачах звычайных вязняў упала
Пра гэта ён паведаміў у лісце да актывісткі праваабарончай групы «За Волю» Ганны Шапуцька. Палітвязень лічыць, што віной гэтаму дзейнасць былой супрацоўніцы арганізацыі «Платформа» Алены Красоўскай-Каспяровіч.
«Абавязаны звярнуцца да правабаронцаў з прапановай, з просьбай забараніць «Рэгіёну 119» маніторыць зоны, а лепш увогуле спыніць дзейнасць гэтай структуры, зачыніць.Вось што паведамілі мне на этапах, у турмах Жодзіна і Баранавічах, у зоне: шмат вязняў пацярпела з-за таго, што «Рэгіён 119» абвяргае звесткі, так цяжка накіраваныя з зон, даставерныя звесткі , якія тычацца лёсаў тысяч асуджаных. Вязні вельмі раззлаваліся з-за дзеянняў «Рэгіёна» на ўсіх праваабаронцаў», — піша Міхал Жамчужны з турмы.
Таксама палітвязень апісаў акалічнасці свайго нядаўняга пераезду ў новую калонію і суда, падчас якога кіраўніцтва калоніі адклікала сваё прадстаўленне на перавод Жачужнага на турэмны рэжым: «...За тыдзень я перажыў 3 сталыпіна, 5 этапаў, 2 турмы, ІЧУ Барысава і 15 вобшукаў. Усюды мяне пазнавалі і дапамагалі. А вось ІК-11 сустрэла жорстка. Але ж, як ўжо Вам пісаў, зламіць мяне немагчыма. Мяне нават на суд не павялі, хоць я быў зусім побач. Так пакуль і не ведаю чаму, што здарылася. Але я не ў турме. З мяне знялі прафулік. Напэўна, мае старыя непрыемнасці засталіся на той зоне, а тут будуць новыя)). У любым выпадку я лічу гэта перамогай над усёй пеніцытыярнай сістэмай, і маёй, і Андрэя Бандарэнкі. Хачу адзначыць, што да суда я падрыхтаваўся вельмі добра. Шэраг вязняў далі пісьмовыя паказанні аб маёй невінаватасці і з’явілі жаданне выступіць у судзе ў якасці сведак незаконных пакаранняў мяне ў ШЫЗА і ПКТ».
Нагадаем, цяпер пісаць Міхаілу Жамчужнаму можна на новы адрас: Жамчужны Міхаіл Ігаравіч, 231900,Гарадзенская вобл, г. Валкавыск,ІК-11, вул. Ракасоўскага,118