У СК і КДБ патлумачылі ператрусы і затрыманні ў няўрадавых арганізацыях і СМІ

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей абяцаў, што адказам на пашырэнне санкцый стане знішчэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Пратэставая акцыя каля КДБ

Пратэставая акцыя каля КДБ

Следчы камітэт заявіў, што атрымаў інфармацыю пра быццам бы датычнасць шэрагу НДА і СМІ да ценявога руху фінансавых сродкаў, паведамляе «Свабода».

Пра гэта паведамляе дзяржаўны тэлеканал АНТ.

«Атрыманая дакладная інфармацыя пра датычнасць кіраўнікоў і работнікаў шэрагу недзяржаўных арганізацый і аб’яднанняў, а таксама прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі да ценявога руху значных фінансавых сродкаў, у першую чаргу тых, якія паступаюць з-за мяжы, нявыплату падаткаў і фінансавання рознага роду пратэставай актыўнасці насельніцтва Беларусі», — сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Уладзімір Шышко.

Следчы камітэт заявіў, што мае звесткі і аб тым, што палітвязень Андрэй Аляксандраў нібыта дапамагаў замежным арганізацыям «Linking Media» (BY_help) і «Stichting Belarus Solidarity Foundation» (BYSOL) у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

З заявай на тэму ператрусаў выступілі і ў КДБ.

«У найбольш актыўных падпісчыкаў дэструктыўных Telegram-каналаў, такіх як "ОГСБ", "Буслы ляцяць", "Ex-omon" і іншых, у дачыненні да якіх мелася аператыўная інфармацыя пра датычнасць да экстрэмісцкай дзейнасці, праведзеныя ператрусы. Канфіскаваныя траўматычная зброя, боепрыпасы, наркатычныя сродкі, нацысцкая сімволіка і атрыбутыка. Здабыты доказы спрычынення пэўных асоб да ўчынення дзеянняў, якія падлягаюць крымінальнаму пакаранню, — такіх, як арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і ўдзел у іх, а таксама распальванне сацыяльнай варожасці або розні», — сказаў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.

14 ліпеня адбыліся ператрусы ў офісах 23 няўрадавых арганізацый — ад праваабарончых да творчых саюзаў, даследчыцкіх цэнтраў. Затрыманы сама меней 9 праваабаронцаў.

16 ліпеня праходзяць ператрусы ў офісе і кватэрах журналістаў «Радыё Свабода», тэлеканала «Белсат» і іншых СМІ.

Раней міністр замежных спраў Уладзімер Макей папярэджваў, што ў адказ на пашырэнне санкцый супраць Лукашэнкі і яго атачэння ў Беларусі знікне грамадзянская супольнасць.