У Мінску больш не размахваюць ядзернай дубінкай. Што здарылася?

«Час ікс» імкліва набліжаецца — да 1 ліпеня, паводле першапачатковых планаў, павінна закончыцца будаўніцтва спецыяльнага сховішча для ядзернай зброі, якую Расія плануе размясціць у Беларусі. Пры гэтым афіцыйныя асобы Беларусі пра ядзерную зброю нібы «забыліся».

mdjrn8_1.png


G7 назвала намер Расіі размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі «небяспечным і непрымальным». Сама рэспубліка пры гэтым не згадвалася — нібы тыя ракеты ўладкуюць не на яе тэрыторыі. Пры гэтым афіцыйны Мінск апошні раз услых гаварыў пра ядзерную зброю ў сярэдзіне красавіка, калі міністр абароны Хрэнін пагражаў яе размяшчэннем.

Што азначае такое маўчанне? «СНплюс» паразмаўляў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Сітуацыя з пункту гледжання Захаду абсалютна зразумелая: ядзерная зброя — расійская, таму ўся адказнасць ляжыць на Крамлі. Мінск — пасіўны выканаўца, таму яго і не ўзгадалі.

І тое, можа, нават і лепш з гістарычнай перспектывы. І для «першага» гэта не горшы варыянт: калі ягоныя дзеянні будуць успрымацца праз прызму Расіі, то з’явіцца лепшы шанц у будучыні адбрахацца і сказаць «я не хацеў, мяне прымусілі».

Хаця ўяўленні пра тое, што ён выключна марыянетка, мне падаюцца ў значнай ступені перабольшанымі. Бо няпраўда, што за ўсім у Беларусі, у тым ліку і за рэпрэсіямі, стаіць Расія, што гэтыя рашэнні прымаюцца ў Крамлі… Пытанне бяспекі, размяшчэнне арміі, тактычнай ядзернай зброі — тут, канечне, расійскія рашэнні, але калі гаворка ідзе пра палітычныя суды, гвалт у Беларусі, то Крэмль да гэтага не мае ніякага дачынення.

— Да 1 ліпеня ў Беларусі павінна закончыцца будаўніцтва сховішча для ТЯЗ. Між тым прадстаўнік беларускага рэжыму ў ААН заяўляе, што ніякіх канкрэтных крокаў не зроблена; беларускі бок апошні раз згадваў вострую праблему ў сярэдзіне красавіка — і з таго часу маўчок. Чаму Мінск больш не размахвае ядзернай дубінкай?

— Заявы беларускіх дыпламатаў у ААН прымаць да ўвагі не варта — яны не самастойныя фігуры. Яны імкнуцца вырашаць канкрэтныя задачы, а ў тым канкрэтным выпадку гаворка ішла пра тое, каб скараціць крытыку, якой было не так і многа, і затупіць вострыя пытанні. Таму і было заяўлена: што тут абмяркоўваць, калі пакуль нічога няма?

Гэты дыскурс сышоў на нішто. Па-першае, думаю, тое звязана з расійскімі адмашкамі: ядзернае пытанне курыруе Расія, а калі ў Мінску неяк і выказваюцца на гэты конт, то, прынамсі, то адпаведныя заявы загадзя ўзгадняюцца з Расіяй.

А па-другое, на дадзены момант нічога канкрэтнага і не адбываецца, каб была патрэба ў такіх заявах. Ядзерныя пагрозы належаць да прапагандысцкага арсеналу, яны будуць выкарыстоўвацца пры патрэбе.

Магчыма, маўчанне выкліканае і тым, што такая рыторыка супярэчыць пазіцыя Кітая. Кітайцы неаднаразова падкрэслівалі, што ім увогуле не падабаецца абмеркаванне падобных сцэнароў. Дарэчы, і прапагандысты разумеюць: калі пастаянна талдычыць пра ядзерную зброю, то эфект прападзе. Таму, напэўна, вырашылі небяспечную тэму прытармазіць — наступіла зацішша.

Тым больш, запушчаныя іншыя фэйкі. Напрыклад, пра «ўранавыя аблокі» пасля ўдару па Хмяльніцкаму, якія ідуць у заходнім накірунку. Версія пра пагрозу новай радыяцыйнай небяспекі запушчаная на высокім узроўні ў Расіі, нават Патрушаў яе агучваў, але нават такі шантаж на Захад ужо не дзейнічае.


— Ці можа Крэмль даць задні ход і адмяніць аперацыю па размяшчэнні ТЯЗ у Беларусі?

— Толькі ў тым выпадку, калі з Захадам будуць дасягнутыя нейкія дамоўленасці на глабальным узроўні. Калі ўявіць сабе, што той выканае крамлёўскія патрабаванні ў дачыненні да Украіны і войскаў НАТА ў Еўропе, тады Масква можа зменіць пазіцыю.

Дарэчы, 18 траўня ў Мінску Лукашэнка сустракаўся з дэлегацыямі АДКБ і назваў уступленне Фінляндыі і Швецыі ў НАТА пагрозай для Беларусі, але ў гэтым кантэксце абмінуў ядзерную зброю. Мог жа сказаць: мы мусілі ў адказ размясціць яе. Не, прамаўчаў, то бок Мінск стаў больш асцярожны ў гэтым пытанні.

Цяжка сказаць ці насамрэч прывязуць ТЯЗ у Беларусь — усё робіцца патаемна. І што насамрэч будзе знаходзіццца ў сховішчах: ці ядзерная зброя, ці нешта іншае — мы не даведаемся. Бо нават да сённяшняга дня даследчыкі не ведаюць у шэрагу выпадкаў, што знаходзілася насамрэч у савецкіх ядзерных сховішчах у краінах былога сацыялістычнага лагеру: што туды завозілі, а што не завозілі. Мясцовых туды не дапускалі, усё абслугоўваў савецкі бок, таму — таямніца. А можа, гэтыя сховішчы наагул стаялі пустымі?

Такое магчыма і ў Беларусі. Дапускаю, яны абвесцяць, што завезлі ТЯЗ, усталявалі, а насамрэч там нічога не будзе. Гэта пра пагрозы.

— Кіраўнік «Мінскага дыялогу» Яўген Прэйгерман акцэнтуе ўвагу на тым, што ў размяшчэнні ТЯЗ зацікаўлены сам Мінск, бо «размяшчэнне ці патэнцыйнае размяшчэнне ядзернай зброі — гэта мера стрымлівання»…

— Прэйгерман агучыў афіцыйную пазіцыю — абгрунтаванне рэжыму: ідзе канцэнтрацыя войскаў НАТА — і што рабіць у гэтым выпадку Беларусі, якая абараняе не толькі сябе, але і заходнія межы саюзнай дзяржавы? З гэтага пункту гледжання, маўляў, і патрэбная ядзерная зброя.

Яна падвышае знешні статус Лукашэнкі. Калі б ён яшчэ мог ёй і карыстацца і прымаць рашэнні, то было б зусім добра для яго. Але да гэтага справа не дойдзе: Савецкі Саюз ніколі не перадаваў ядзерную зброю іншым краінам.


Цалкам можна ўявіць, што Расія, каб падвысіць небяспеку на Захадзе, заявіць, што Лукашэнка будзе ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў, хаця вырашальнае слова за Крамлём. Прыкладна так ідзе супрацоўніцтва паміж Злучанымі Штатамі і Германіяй у пытаннях ядзернай зброі, якая размешчаная на тэрыторыі Германіі: немцы прымаюць пэўны ўдзел, але апошняе слова заўсёды за амерыканцамі, бо гэта іх зброя. Нешта такое можа скласціся паміж Беларуссю і Расіяй.