У Мінску рэкордна збяднела насельніцтва — і ўлады прызначылі вінаватых у гэтым
У Мінску рэкордна знізіліся рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва — больш чым на 7 працэнтаў. І гэта найгоршая сітуацыя з усіх рэгіёнаў краіны, піша «Люстэрка».
Так, у першым квартале паказчык рэальныя наяўныя грашовыя даходы ў сталіцы знізіліся на 7,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пра гэта паведамляе Белстат.
Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва — адзін з галоўных эканамічных паказчыкаў, паводле якога вызначаецца дабрабыт грамадзян. Гэта грашовыя даходы за вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў, скарэктаваныя да ўзроўню інфляцыі.
У цэлым па краіне рэальныя даходы насельніцтва ў студзені — сакавіку выраслі на 0,3% да аналагічнага перыяду мінулага года. Гэты паказчык упаў толькі ў Мінску — на 7,4%. У абласцях рэальныя даходы ў першым квартале выраслі.
Што адбываецца ў рэгіёнах?
Прыкметней за ўсё рэальныя даходы ў першым квартале выраслі ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (5,6% і 5,4% адпаведна).
Рэальныя даходы беларусаў пачалі зніжацца ў некаторых рэгіёнах у першым квартале 2022 года, гэта адбылося ўпершыню за працяглы час. У студзені — сакавіку мінулага года гэты паказчык быў у плюсе толькі ў Мінскай і Гомельскай абласцях (рост складаў сціплыя 0,1% і 0,2% адпаведна), а таксама ў Мінску — на 2,3%.
Па выніках першага паўгоддзя, як і ў цэлым па выніках 2022-га, рэальныя даходы былі ў мінусе ўжо ва ўсіх абласцях, а таксама ў Мінску.
У агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы ў першым квартале гэтага года займала 63,9%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 7,9%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і інш.) — 23,2%, даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 5%.
У дзяржСМІ такую непрыемную сітуацыю паспрабавалі не толькі патлумачыць, але знайшлі «вінаватых» у ёй
Дзяржаўнае інфармагенцтва «Мінск-Навіны» «вінаватымі» ў такой непрыемнай статыстыцы пра рэкорднае падзенне рэальных наяўных грашовых даходаў назвала айцішнікаў.
Як дзяржСМІ прыйшлі да такой высновы?
Па каментар дзяржаўныя журналісты звярнуліся ў Камітэт па працы занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама.
— У прынцыпе, сітуацыя вытлумачальная: упалі заробкі ў самай высокааплатнай IT-сферы, і гэта адбілася на агульных лічбах статыстыкі. Калі прыбраць паказчыкі ў IT-сферы, то тэмп росту заробкаў мінчукоў перавышае 114,5%, што супастаўна з вынікамі ў астатніх рэгіёнах. Для параўнання: сярэдні заробак праграмістаў — самы высокі сярод працоўных сталіцы і складае каля 6 тысяч рублёў, — растлумачыў «Мінск-Навіны» першы намеснік старшыні камітэта працы занятасці і сацыяльнай абароны Мінгарвыканкама Павел Кунашкевіч.
Пасля гэтага інфармагенцтва «Мінск-Навіны» робіць наступную выснову: «Як бачым, сітуацыя не такая сумная, як малююць яе некаторыя СМІ. Але за айцішнікаў, вядома, крыўдна. Спадзяемся, сітуацыя ў гэтай сферы пачне стабілізавацца. І не апошнюю ролю ў гэтым адыграе кіраўніцтва ПВТ».
Аднак дзяржСМІ відавочна «забыла», што рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ўключаюць не толькі заробкі, але і іншыя даходы, у тым ліку паступленні ад прадпрымальніцтва, пенсіі, дапамогі, стыпендыі, даходы ад уласнасці і іншыя.