У Латвіі арыштавалі прарасійскага актывіста Уладзіміра Ліндэрмана

У аўторак у Рызе быў затрыманы публіцыст і прарасійскі палітычны актывіст Уладзімір Ліндэрман.

Прарасійскі палітычны актывіст Уладзімір Ліндэрман

Прарасійскі палітычны актывіст Уладзімір Ліндэрман


Паводле папярэдніх даных, Ліндэрмана затрымалі па месцы жыхарства. Інфармацыю пра затрыманне пацвердзіла адвакатка Алена Квяткоўская.
Уладзіміру Ліндэрману інкрымінуецца ч.1 арт. 74 Крымінальнага закона Латвіі — «Апраўданне генацыду, злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынстваў.»
«Можам пацвердзіць, што сёння СДБ правяла працэсуальныя дзеянні ў рамках крымінальнага працэсу, які знаходзіцца ў справаводстве, і затрымала адну асобу. На дадзены момант Служба дзяржбяспекі устрымліваецца ад каментароў», — паведамілі парталу «Delfi» ў прэс-цэнтры СДБ.
У ведамстве заявілі, што за сваю дзейнасць Ліндэрман «атрымліваў фінансавую ўзнагароду ад зарэгістраваных у Расіі юрыдычных асоб».
Уладзімір Ліндэрман — былы чалец Нацыянал-бальшавіцкай партыі Эдуарда Лімонава, якога неаднаразова арыштоўвалі ў Расіі. У Латвіі ён узначальвае таварыства «За родную мову», якое выступае супраць ліквідацыі расійскіх школ. Ліндэрман таксама выступаў у сацыяльных сетках у падтрымку ўварвання Расіі ва Украіну.
Артыкул крымінальнага закона Латвіі «Аб адказнасці за публічнае праслаўленне, адмаўленне, грубае грэбаванне або апраўданне генацыду, злачынстваў супраць чалавецтва, супраць міру або ваенных злачынстваў» прадугледжвае пакаранне да 5 гадоў пазбаўлення волі, грамадскія работы ці грашовы штраф.