У Facebook і Instagram больш нельга жадаць смерці Пуціну і Лукашэнку

Кампанія «Meta», ва ўласнасці якой знаходзяцца сацыяльныя сеткі Facebook і Instagram, забараніла агрэсіўныя выказванні на адрас расіян.

meta.webp


У Facebook і Instagram цяпер зноў нельга жадаць смерці Лукашэнку, Пуціну ці якому-небудзь іншаму кіраўніку дзяржавы. Кампанія «Meta» змяніла сваю пазіцыю пасля ціску расійскіх уладаў, піша «Reuters» са спасылкай на ўнутраны дакумент кампаніі.
Раней кампанія часова мяняла сваю палітыку ў асвятленні расійскай агрэсіі ва Украіне. Карыстальнікам Украіны, Расіі і Польшчы дазвалялася выказваць сваё абурэнне расійскай вайной і жадаць смерці Пуціну, Лукашэнку і расійскім войскам.
У той жа дзень улады Расіі пачалі крымінальную справу супраць сацсетак, а потым заблакавалі Instagram на тэрыторыі краіны.
Кіраўнік аддзела знешніх сувязей Нік Клег пракаментаваў новыя змены ў палітыцы кампаніі: «Мы звужаем фокус, каб растлумачыць у нашых указаннях, што мы не будзем заахвочваць і трываць заклікі да гвалту супраць расіян у цэлым... Гэта цяжкае рашэнне. Падзеі ва Украіне хутка развіваюцца. Мы стараемся прадумаць усе наступствы і пастаянна пераглядаем нашы рэкамендацыі, бо кантэкст пастаянна мяняецца».
Таксама прадстаўнікі «Meta» заявілі, што яны выступаюць супраць русафобіі.
Паводле «Еўрарадыё».