Шанец для грамадзянаў

Збольшага апазіцыя падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты выканала пастаўленую перад сабою задачу.

plakat_3.jpg


Зразумела, аптымізму не забярэш у тых, хто вылучаў сваіх кандыдатаў не шляхам збору подпісаў, а рашэннем партыйных з’ездаў. Канешне, гэта значна прасцей: не трэба збіраць подпісы ў летнюю спёку. Але і тыя, хто ўсё ж такі збіраў подпісы за сваё вылучэнне, кажуць: яны поўнасцю абверглі выказванні старшыні беларускага КДБ пра тое, што апазіцыянеры «не карыстаюцца попытам» у насельніцтва і збор подпісаў ідзе цяжка.
Напрыклад, кіраўнік выбарчага штабу кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазняк сказаў НЧ, што, паводле папярэдніх падлікаў, 25 з 29 патэнцыйных кандыдатаў «выканалі ўсе ўмовы беларускага заканадаўства», сабраўшы ў сваю падтрымку неабходную колькасць подпісаў. У гэты ж дзень 1 жніўня яны кансалідавана падавалі дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты.
Аналагічную адзнаку даў гэтаму этапу выбарчай кампаніі намеснік кіраўніка Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. Апроч таго, што РЗС збіраў подпісы «сам па сабе», арганізацыя з’яўлялася актыўным удзельнікам правацэнтрысцкай кааліцыі, разам з БХД і Аб’яднанай грамадзянскай партыяй.
Па словах Губарэвіча, агулам у скарбонку правацэнтрыстаў сабрана больш за 50.000 подпісаў. Гэтая колькасць магла быць і большай. «Частка тых, хто «дубляваў» сваё вылучэнне зборам подпісаў яшчэ і вылучэннем ад партнёрскіх партый, асабліва не налягала на атрыманне аўтографаў грамадзян. Яны праводзілі інфармацыйную кампанію. І ў такіх людзей у каго па 500, у каго па 700 подпісаў», — сказаў Губарэвіч.
І цалкам апраўдаўся наш прагноз пра тое, што частка патэнцыйных кандыдатаў подпісы на праверку ў камісіі не панясе.  Як сказаў Губарэвіч, толькі каля дзесяці чалавек будуць здаваць подпісы ў выбарчыя камісіі. Усе астатнія задаволяцца «партыйным» вылучэннем.
«Этап кампаніі па збору подпісаў у цэлым прайшоў выдатна. Розныя эксцэсы, кшталту нападаў на пікеты, альбо супрацьдзеянне пікетоўцам супрацоўнікаў міліцыі, можна назваць «выняткам» кампаніі. У асноўным у нас была магчымасць выкарыстаць дазволеныя, — альбо, скажам так, незабароненыя, — месцы для правядзення пікетаў», — зазначыў намеснік старшыні РЗС.
Праўда, выбары ўсё роўна пройдуць так, як праходзілі раней. Пра гэта, па словах Губарэвіча, сведчаць вынікі фармавання ўчастковых выбарчых камісій, куды зноў амаль не дапусцілі апазіцыянераў. «Гэта сведчыць, што ўлада правядзе выбары, як заўсёды, яе стаўленне да выбараў не змянілася», — лічыць Губарэвіч.
Сапраўды, як адзначаюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары», падыход да фармавання ўчастковых камісій у адносінах да апазіцыі быў «відавочна дыскрымінацыйны». «З 514 вылучаных у склад УВК увайшлі толькі 53 чалавекі (10,3% ад вылучаных), у той час як з 3773 вылучаных праўрадавымі партыямі, у склад УВК увайшлі 3358 чалавек (89% ад вылучаных), а ад пяці найбуйнейшых праўрадавых грамадскіх аб'яднанняў (БРСМ, «Белая Русь», Саюз жанчын, Саюз ветэранаў і прафсаюза ФПБ) было вылучана 27 080 чалавек, а ў склад камісій увайшлі 25546 чалавек (94% ад вылучаных). Агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый склала 0,08% ад агульнага складу чальцоў УВК», — гаворыцца ў справаздачы праваабаронцаў-назіральнікаў
Аднак што было самым цікавым у гэтым этапе выбарчай кампаніі? На маю думку, тое, што яна давала магчымасці не толькі патэнцыйным кандыдатам, не толькі апазіцыі па агітацыі і заахвочванню насельніцтва. Яна таксама дала магчымасці самому насельніцтву прадэманстраваць сваю грамадзянскую пазіцыю.
Ужо нагнала аскому выслоўе пра тое, што подпіс за апазіцыйнага кандыдата — гэта праява той самай грамадзянскай пазіцыі і грамадзянскай мужнасці. Але гэтым разам грамадзяне дзяліліся не толькі подпісамі. Гэта яшчэ і маштабнае святкаванне дня прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, які грамадзяне краіны маглі адзначыць у дазволеных пікетах.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч зазначаў, што цягам гэтай выбарчай кампаніі людзі не проста ставілі подпісы за кандыдатаў у кандыдаты ў дэпутаты, але і неаднаразова выказвалі жаданне запісацца ў партыю, проста падыходзячы да пікетаў на вуліцах.
А канцэрт Лявона Вольскага на пікеце Алеся Лагвінца? Сапраўднымі героямі на ім былі не Вольскі і не Лагвінец. А тая сям’я, якая дала электрычнасць для правядзення канцэрта, не адчыняючы пры гэтым дзверы «людзям у цывільным». Што гэта, як не выява грамадзянскай пазіцыі? Гэта, хутчэй, нават учынак грамадзянскага гераізму.
Так што ў выбарчых кампаній ёсць яшчэ адзін безумоўны плюс. Гэта магчымасць людзей адчуць сябе не проста жыхарамі Беларусі, але і сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны.
Па апошніх даступных на момант напісання матэрыялу дадзеных, у выбаркамы краіны паступіла 452 камплекты дакументаў ад патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Так што далейшая хада кампаніі таксама абяцае быць крэатыўнай і цікавай. Прынамсі, той жа Лагвінец, у выпадку рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты, верне ў краіну гурт BRUTTO і Сяргея Міхалка. Перамовы пра канцэрт ужо вядуцца, кажа Лагвінец.