Сяргей Сідорскі вернецца ва ўладу?
Былы прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі можа вярнуцца ў дзяржаўную ўладу. Пра гэта піша TUT.BY, спасылаючыся на некалькі інфармаваных крыніц.
62-гадовы ўраджэнец Гомеля мае багаты вопыт кіраўніцтва Гомельскім заводам радыётэхналагічнага аснашчэння і мясцовым аблвыканкамам. У 2001 годзе пераехаў у Менск на працу ва ўрад. Займаў пасады намесніка і першага намесніка прэм’ер-міністра. Затым да 27 снежня 2010 года ўзначальваў Савет Міністраў. Апошнія гады з’яўляецца міністрам па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК). Даволі часта наведвае розныя буйныя мерапрыемствы ў Беларусі.
Зараз Сідорскаму прадракаюць пасаду кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Пра магчымае адкліканне беларускіх спецыялістаў з ЕЭК Аляксандр Лукашэнка намякаў 20 верасня на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам. «Зараз вельмі ўважліва аналізуем наш удзел, перш за ўсё, у Еўразійскім эканамічным саюзе. Калі так будзе працягвацца, навошта нам там трымаць кучу чыноўнікаў?» – казаў Лукашэнка, каментуючы нафтагазавую спрэчку Менска і Масквы.
racyja.com