Сівіцкі: Расія можа выкарыстаць выбары ў Беларусі для паўтарэння сцэнару 2014 года ва Ўкраіне

Аляксандр Лукашэнка стаў актыўна намякаць, што Расія ўмешваецца ў ход прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і стаіць за некаторымі вылучэнцамі на пасаду кіраўніка краіны.

tara_2.jpg

UDF.BY пацікавіўся ў экспертаў, якая рэальная тактыка Крамля ў дачыненні да цяперашніх выбараў у Беларусі.

«Крэмль паспрабуе запусціць жорсткі сцэнар па змене рэжыму ў Беларусі на марыянеткавы ўрад»

Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі ў каментары UDF.BY адзначыў, што беларускія ўлады пачынаюць, нарэшце, «больш-менш адэкватна ўспрымаць сітуацыю ў двухбаковых адносінах з Расіяй».
«Інфраструктура для ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі ствараецца мінімум з 2015 года. Яна ўключае ў сябе не толькі разгортванне сеткі інфармацыйных рэсурсаў для ўплыву на грамадскую думку, але і прылады палітычнага, эканамічнага і ваеннага ціску (разгортванне расійскай групоўкі войскаў на мяжы з Беларуссю). Сапраўды ёсць рызыка, што Крэмль можа ўмяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Пазіцыя дзеючага кіраўніцтва супярэчыць геапалітычным мэтам Расіі ў нашым рэгіёне, Лукашэнка адмовіўся прымаць так званы інтэграцыйны ультыматум», — лічыць Сівіцкі.
Таму эксперт чакае, што «прэзідэнцкая кампанія будзе вельмі напружанай, і ў ёй галоўным праціўнікам Лукашэнкі выступае Крэмль».
«Ёсць рызыка, што Крэмль паспрабуе запусціць жорсткі сцэнар па змене рэжыму ў Беларусі на марыянеткавы ўрад прарасійскай арыентацыі, які зробіць усё тое, што чакалі ад Лукашэнкі. Прэзідэнцкія выбары ўяўляюць з сябе спрыяльны фонд для падобнага ўмяшання. Тым больш што яны будуць праходзіць у складанай як эканамічнай, так і сацыяльна-палітычнай абстаноўцы, выкліканай няздольнасцю Лукашэнкі выпрацаваць дакладную і эфектыўную лінію ў барацьбе з эпідэміяй каронавіруса», — мяркуе Сівіцкі.
На думку эксперта, стратэгія Крамля не абавязкова можа быць звязаная са спробай прасоўвання пэўнага прарасійскага кандыдата. Масква можа гуляць з усімі альтэрнатыўнымі кандыдатамі — або прама устанаўліваючы з імі кантакты, або апасродкавана.
«Чакаю, што Масква будзе ўзмацняць ціск на кіраўніцтва Беларусі аж да 9 жніўня. Гэта можа выяўляцца ў новых эканамічных абмежаваннях, новых інфармацыйных кампаніях, а таксама сігналах эліце, сілавым структурам і насельніцтву. Не выключана нават сілавое ўмяшальніцтва на выпадак, калі сітуацыя пачне выходзіць з-пад кантролю. Крэмль сам можа правакаваць нестабільнасць, пратэстную актыўнасць, каб атрымаць нагоду для ўмяшання», — сказаў Сівіцкі.
Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў нагадаў, што адным з аргументаў для ўмяшання Расіі ва ўнутраныя справы Украіны ў 2014 годзе стаў Майдан. Пасля ўцёкаў Віктара Януковіча Масква не прызнала в.а. кіраўніка дзяржавы Аляксандра Турчынава і стала фармаваць альтэрнатыўны ўрад на ўсходзе краіны.
«Не выключаю, што падобны сцэнар можа быць рэалізаваны ў цяперашняй кампаніі. Крэмль нарошчвае ціск на Лукашэнку і, магчыма, такім чынам дае яму апошнюю спробу пагадзіцца на інтэграцыйны ультыматум і здаць суверэнітэт. Але мне здаецца, Лукашэнка прыняў для сябе канчатковае рашэнне не ісці на гэтую здзелку», — адзначыў Сівіцкі.

«Крэмль наўрад ці будзе ўмешвацца ў беларускія выбары»

Адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбараў-2001 Уладзімір Ганчарык у каментары UDF.BY адзначыў, што не верыць у сур'ёзнае ўмяшальніцтва Расіі ў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.
«Думаю, сваімі заявамі Лукашэнка хоча прыцягнуць на свой бок кола людзей, якія бачаць крыніцу ўсіх нашых праблем у Расіі, і справакаваць грамадства аб'яднацца вакол яго фігуры на фоне пагрозы з боку Масквы», — сказаў Ганчарык.
«Калі ацэньваць пазіцыю Расіі ў дачыненні да Беларусі аб'ектыўна, то беларускі бок сам вінаваты ў такім стане спраў, калі яму нагадваюць здачу часткі суверэнітэту. Самі ўлезлі ў інтэграцыйныя працэсы, а потым хочуць перавесці стрэлкі на Крэмль», — дадаў Ганчарык.
Ці будзе Расія падтрымліваць альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах?
«У 2001 годзе Пуцін выразна заявіў, што Расія падтрымае Аляксандра Рыгоравіча. Цяпер такіх заяў няма, і, думаю, падтрымкі не будзе. Напэўна, ёсць людзі з буйнога расійскага бізнэсу, зацікаўленыя згуляць у беларускіх выбарах. Але сам Крэмль наўрад ці будзе ўмешвацца», — лічыць Ганчарык.
Паводле udf.by