Схетына: Саміт УП стане праверкай эфектыўнасці ЕС

"Пытанне аб адмене віз для Украіны і Грузіі на саміце Усходняга партнёрства стане праверкай эфектыўнасці ЕС".



3002a6fcb5.jpg

PAP/EPA / NICOLAS BOUVY

Кіраўнік польскай дыпламатыі лічыць, што пытанне аб адмене віз для Украіны і Грузіі на саміце Усходняга партнёрства стане праверкай эфектыўнасці ЕС.

Кіраўнік польскай дыпламатыі Гжэгаж Схетына заявіў, што саміт Усходняга партнёрства, запланаваны на травень, стане сур'ёзнай праверкай для ЕС. Польскі міністр перакананы, што ўсходнееўрапейскім суседзям неабходна зрабіць "сур'ёзныя прапановы", асабліва па візавым пытанні.

Падрыхтоўка да саміту Усходняга партнёрства была адной з тэм сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС, якая прайшла 16 сакавіка.

Украіна і Грузія разлічваюць, што на травеньскім саміце будзе прынятае рашэнне адносна бязвізавага рэжыму для грамадзян гэтых краін. Аднак у ЕС няма адзінства ў падыходзе. На думку Гжэгажа Схетыны, адмена віз для Грузіі ды Украіны будзе мець сімвалічнае значэнне. Калі не ўдасца прыняць станоўчага рашэння па гэтым пытанні падчас саміту, неабходна, як заявіў польскі міністр, даць гэтым краінам "дарожную мапу", якая апісвае спосабы дасягнення мэты.

"Гэта будзе праверка эфектыўнасці ЕС і таго, што Еўропа ў стане прапанаваць. На працягу двух бліжэйшых месяцаў мы будзем сведкамі расійскай прапаганды. Калі мы хочам быць гатовыя і хочам паказаць, як выглядае прапанова Еўропы, то яна павінна быць сур'ёзнай, добра прапрацаванай — і ў плане дат, і ў плане наступных крокаў", — падкрэсліў Схетына.

www.radyjo.net