Салодкае слова «байкот»

Большасць лідараў апазіцыі зараз схіляецца да таго, што адзіным кандыдатам ад дэмсілаў на выбарах павінен быць Мікалай Статкевіч. А ў выпадку нерэгістрацыі Статкевіча апазіцыя пагражае байкотам выбараў.



kandydaty_7_logo.gif

Большасць лідараў апазіцыі зараз схіляецца да таго, што адзіным кандыдатам ад дэмсілаў на выбарах павінен быць Мікалай Статкевіч. Тое, што ён знаходзіцца ў вязніцы, па іх меркаванні, не павінна перашкаджаць яму быць кандыдатам на пасаду прэзідэнта Беларусі. І размова ідзе не пра сімвалічнае кандыдацтва, з падрыхтаваным дублёрам Статкевіча.

Але па існуючых беларускіх законах наўрад ці гэта магчыма. Кандыдат на прэзідэнта павінен не толькі стварыць ініцыятыўную групу (з гэтым якраз праблемаў не будзе), але і асабіста зарэгістраваць групу ў ЦВК для збору подпісаў. Да таго ж, ён павінен прадставіць і пэўны пакет дакументаў, напрыклад, падатковую дэкларацыю. Як Статкевіч можа сабраць гэтыя дакументы і падаць іх у ЦВК — не вядома.

Увесь разлік грунтуецца на тым, што Статкевіча павінны вызваліць. Як мяркуе паплечнік Статкевіча Сяргей Скрабец, стварэнне ініцыятыўнай групы можа ісці пад лозунгам: «Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, патрабуем вызвалення палітычных зняволеных Статкевіча, Аліневіча, Дзядка, Васьковіча, Пракапенку, Рубцова і далучаемся да ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь». І суправаджацца шырокай грамадскай кампаніяй «Свабоду Статкевічу і ўсім палітвязням».

Экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў падтрымаў Скрабца. Ён заявіў: «Найбольш разумным на сёння з’яўляецца тая прапанова, якую агучыў Скрабец: стварыць ініцыятыўную групу па вылучэнні Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты, патрабаваць яго рэгістрацыі і адначасова вызвалення яго і ўсіх астатніх палітвязняў». Прычым Саннікаў прапануе вылучаць Статкевіча ўсур’ёз: «Толькі без адгаворак, якіхсьці запасных варыянтаў і дублёраў».

Лічыць такі варыянт рэальным і кіраўнік зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч: «Вылучэнне Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам — самая прымальная, зразумелая, ясная і лагічная стратэгія з тых, якія могуць быць… Я ўпэўнены, што калі дэмакраты вылучаць Мікалая Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата, то ён выйдзе на волю ўжо ў бліжэйшы час. Зарэгіструюць яго ў якасці кандыдата ці не — гэта ўжо больш складанае пытанне. Але ўлады вымушаны будуць вызваліць Статкевіча і іншых палітвязняў».

Безумоўна, вылучэнне Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты як форма змагання за ягоную свабоду — гэта вельмі моцны крок. Але нават калі ўлада вызваліць Статкевіча і зарэгіструе ініцыятыўную групу, у яго будзе не знятая на той час судзімасць, а «такіх не бяруць у прэзідэнты».

У выпадку нерэгістрацыі Статкевіча апазіцыя пагражае байкотам выбараў. «Павінна быць прынцыповая лінія: альбо Статкевіч становіцца адзіным кандыдатам і вылучаецца патрабаванне аб яго вызваленні, рэабілітацыі і рэгістрацыі, альбо байкот», — мяркуе Саннікаў. «Калі Статкевіча не зарэгіструюць, то ўдзельнічаць у гэтых выбарах нельга. У сітуацыі наяўнасці ў Беларусі палітвязняў адзінай формай удзелу ў выбарчай кампаніі можа быць толькі байкот», — кажа Дашкевіч.

Ці ёсць байкот выйсцем для апазіцыі? Палітолаг Аляксандр Класкоўскі з гэтым не згодны катэгарычна: «Найперш, пра байкот кажуць тыя сілы і структуры, якія не маюць вялікага рэальнага патэнцыялу і актыву. Хаця тут усё адносна: увогуле апазіцыя зараз, мякка кажучы, не ў лепшай форме. Але структуры, у якіх ёсць пэўная сетка актывістаў: напрыклад, кампанія «Гавары праўду!», Рух «За Свабоду!», якія, пры тым, што ўсе салідарныя ў тым, што выбараў у Беларусі няма, абмяркоўваюць удзел у кампаніі, як магчымасць кантакту з электаратам і прасоўванне сваіх ідэй».

«Іншыя структуры становяцца на максімалісцкія пазіцыі. Гэта гучыць прыгожа, але іншым разам складаецца ўражанне, што імя Статкевіча, ягоны статус палітвязня — гэта проста прыкрыццё, каб прыгожа выйсці з гульні», — наракае палітолаг.

Па словах Класкоўскага, палітолагі напісалі ўжо стосы працаў па тым, што байкот у Беларусі немагчымы. «Для сапраўднага байкоту трэба мець яшчэ большы ўплыў на масы, чым дзеля ўдзелу ў выбарах, каб паралізаваць выбарчы працэс. Аднак у апазіцыі зараз не тыя магчымасці і не той уплыў, не той аўтарытэт», — заўважае ён.

Няма ніводнага прыкладу, калі байкотам абвалілі дыктатуру. «Затое ёсць прыклады ашаламляльных выбараў, калі апазіцыя ўступала ў барацьбу на абсалютна не роўных умовах, і раптам пад ціскам форс-мажорных абставінаў рэжым абвальваўся. І сёння якраз такая сітуацыя: і ў плане фінансавым, і знешнепалітычным, калі ў маленькай Беларусі пад уплывам магутных знешніх чыннікаў сітуацыя можа змяніцца самым непрадказальным чынам за некалькі месяцаў. І, магчыма, больш мудрым ёсць прынцып Напалеона: «Увяжамся ў бойку, а там будзе бачна». Гэты ж прынцып, дарэчы, скарыстоўваў і Уладзімір Ленін, які з купкай бальшавікоў перакуліў магутны царскі рэжым», — лічыць Класкоўскі.