Русы спадзяецца, што з новай камандай у расійскім урадзе не будзе праблем
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы спадзяецца, што з новай камандай у расійскім урадзе не будзе праблем і з ёй удасца выбудаваць "нармальныя адносіны", паведамляе «Еўрарадыё».
Пра гэта ён заявіў у эфіры праграмы "Контуры" на тэлеканале АНТ.
Русы меў на ўвазе найперш віцэ-прэм'ера Аляксея Гардзеева і міністра сельскай гаспадаркі Дзмітрыя Патрушава. Іх ён называе "вопытнымі людзьмі", якія добра ведаюць сваю працу.
"Я думаю, што з такой камандай будуць выбудаваныя нармальныя адносіны, якія дазволяць зняць бар'еры, шмат у чым штучныя, і даць магчымасць людзям зарабляць спакойна і ўпэўнена", — сказаў намеснік беларускага прэм'ера.
Як вядома, Рассельгаснагляд рэгулярна ўводзіць санкцыі ў адносінах беларускай прадукцыі. Апошняе рашэнне датычыла некаторых відаў малака і малочных прадуктаў.
Па словах Русага, у бліжэйшы час адбудзецца сустрэча з Гардзеевым, будзе абмеркаваная ўся сістэма аграрнай палітыкі.