РФ і Беларусь «без канкрэтыкі» абмяркоўваюць пытанне аб увядзенні адзінай візы

Масква і Мінск разглядаюць магчымасць увядзення адзінай уязной візы, гаворыцца ў каментары МЗС РФ у панядзелак.



vis_shengen.jpg

«Дадзенае пытанне сапраўды абмяркоўваецца паміж Масквой і Мінскам, хоць перамовы па канкрэтным праекце пакуль не пачыналіся. Ва ўмовах адсутнасці памежнага кантролю ўвядзенне адзінай візы бачыцца цалкам лагічным крокам», — паведамілі ў міністэрстве.

Між тым у МЗС Расіі адзначылі, што фарсіраваць падрыхтоўку такога дакумента ні Мінск, ні Масква пакуль не маюць намеру. «Штучна фарсіраваць падрыхтоўку адпаведнага двухбаковага дакумента ні ў Расіі, ні ў Беларусі не маюць намеру — фармулёўкі будучага пагаднення павінны быць вывастраныя настолькі, каб яго рэалізацыя не стварала праблем добрапрыстойным падарожнікам», — растлумачылі ў МЗС РФ.

Акрамя таго, падкрэслілі ў міністэрстве, пры прапрацоўцы падобнай ініцыятывы неабходна правесці ацэнку «тых выдаткаў, якія непазбежна пацягне за сабой фарміраванне адзінай візавай прасторы».

Між тым, 11 верасня прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык заявіў, што Беларусь і Расія не вядуць новых перамоваў аб магчымым увядзенні аб’яднанай візы Саюзнай дзяржавы. «Новых расійска-беларускіх перамоваў па гэтым пытанні не вядзецца», — сказаў Мірончык на брыфінге ў Мінску.

Пры гэтым ён адзначыў, што «пры ўсёй высокай ступені інтэграцыі паміж дзвюмя краінамі праводзіцца скаардынаваная візавая палітыка». «Супрацоўніцтва ў гэтай сферы вядзецца мэтанакіравана і паспяхова з многімі краінамі, у тым ліку і з нашымі расійскімі партнёрамі», — дадаў прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства. «Праўда, аб ступені скаардынаванасці працы ў сферы візавай палітыкі часам узгадваецца ў тым выпадку, калі ёсць гучныя адмовы ў атрыманні віз», — заўважыў Мірончык.

Прэс-сакратар МЗС нагадаў, што нядаўна было прынята рашэнне аб усталяванні бязвізавага рэжыму ўзаемных паездак грамадзян Беларусі і Турцыі, вырашаецца пытанне аб усталяванні бязвізавага рэжыму паміж Беларуссю і Ізраілем.

Як раней паведамлялі СМІ са спасылкай на дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоту, у рамках СД можа быць створаны «нейкі аналаг шэнгенскай візы». У ходзе пасяджэння на бізнес-саміце ў Ніжнім Ноўгарадзе Рапота заявіў, што ўжо правёў кансультацыі ў МЗС дзвюх краін.

Іnterfax.by