«Разам з ядзернай зброяй у Беларусь прыйдуць і расійскія вайскоўцы»
Былы дыпламат і старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» Павел Мацукевіч у новым выпуску «Пульса Леніна-19» разважае над тым, навошта насамрэч Лукашэнку атамная бомба на сваёй тэрыторыі і які сэнс у гэтым для Пуціна.
Калі ў Беларусь «заедзе» расійская ядзерная зброя, не ведае ніхто. І хаця афіцыйная дата была анансаваная Пуціным, наўрад ці можна ўпэўнена сказаць, што да ліпеня нічога не зменіцца, лічыць Павел Мацукевіч. Які рэальны сэнс у размяшчэнні ЯЗ на беларускай тэрыторыі і да чаго гэта можа прывесці?
Донар рэгіянальнай небяспекі
Пра тое, што Расія збіраецца размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю, стала вядома ад Уладзіміра Пуціна. Паводле яго слоў, спецыяльнае сховішча для яго будзе гатова да 1 ліпеня, а носьбіты (пераабсталяваныя самалёты і комплекс «Іскандэр») — ужо гатовыя.
Пуцін сцвярджае, што Крэмль не збіраецца перадаваць Беларусі ядзерную зброю, а паступіць так, як паступаюць амерыканцы, ядзерная зброя якіх размешчана ў шэрагу еўрапейскіх краін.
І Расія, і Беларусь з'яўляюцца ўдзельнікамі Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ), а ён накладвае абавязацельствы на краіны — і на тыя, што валодаюць, і на тыя, што не валодаюць такім узбраеннем. Першыя абавязваюцца не перадаваць каму б там ні было ядзерную зброю, а таксама кантроль над ёй ні прама, ні ўскосна. Другія — не прымаць перадачы ад каго б там ні было ядзернай зброі, а таксама кантролю над ёй ні прама, ні ўскосна.
Але ўсе гэтыя міжнародныя строгасці зусім не азначаюць, што гіпатэтычна кантроль не можа перайсці да рэжыму ў Беларусі.
Расія знаходзіцца ў стане вайны, зыход якой пакуль непрадказальны, але не выключае варыянты «разбурэння Карфагена» і падзення рэжыму Пуціна. Такія сцэнары багатыя для Масквы выхадам і Беларусі, і ядзернай зброі з-пад кантролю, а для Лукашэнкі — з'яўленнем магчымасцей ёю авалодаць. Мала сумневаў у тым, што Лукашэнка разлічвае перажыць Пуціна і будзе спрабаваць выкарыстоўваць любую дэстабілізацыю ў Расіі ў сваіх інтарэсах. Пры гэтым валоданне атамнай бомбай з'яўляецца яго даўняй марай, якую ён не хаваў.
Для Беларусі ўсе гэта варыянты адзін горшы за іншы.
Ужо цяпер гаворка ідзе пра змену эпох, калі Беларусь пазіцыянавала сябе донарам рэгіянальнай бяспекі, на час, калі ўвесь цывілізаваны свет будзе бачыць у нашай краіне толькі пагрозу. І, хутчэй за ўсё, як паказвае досвед Паўночнай Карэі, Захад не зможа нічога з гэтым зрабіць, акрамя як узяць на прыцэл і яшчэ больш адгарадзіцца.
Якім будзе камплект расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі — пакуль незразумела, але можна ўспомніць, якім быў і як кіраваўся савецкі.
Самая ядзерная дзяржава
Савецкі арсенал у Беларусі складаўся са стратэгічнай (81 боегалоўка) і тактычнай ядзернай зброі (звыш 1200 боегаловак). На той час гэта быў восьмы па велічыні ў свеце арсенал. Станіслаў Шушкевіч, які быў прыхільнікам вываду, у сваіх мемуарах «Маё жыццё. Крушэнне і ўваскрашэнне СССР» піша, што на дзень здабыцця незалежнасці Беларусь фармальна была самай ядзернай дзяржавай у свеце ў пераліку атамных боезарадаў на плошчу краіны і колькасць насельніцтва.
Ядзерную зброю мелі і танкавыя (ракетны дывізіён), і зенітныя часткі, і авіяцыя.
Зброю кантралявала Масква і да, і пасля развалу СССР. Для яе забеспячэння на тэрыторыі ўжо суверэннай Беларусі знаходзіліся больш за 30 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Гэта азначае, што разам з расійскай ядзернай зброяй у Беларусь прыйдуць расійскія вайскоўцы. Адкрытым з'яўляецца толькі пытанне іх колькасці.
Фармальна ў той час прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын мог прыняць рашэнне аб прымяненні стратэгічнай ядзернай зброі пасля паведамлення пра гэта кіраўнікам Беларусі, Украіны і Казахстана, але рэальна меў тэхнічную магчымасць прымяніць ядзерную зброю без кансультацый.
Пры гэтым ва ўладаў Беларусі фактычна не было аніякіх магчымасцей прадухіліць рашэнне Крамля аб нанясенні ядзернага ўдару. Пры гэтым наяўнасць зброі ператварала Беларусь у цэль для папераджальнага або зваротнага ядзернага ўдару.
Тактычныя боезарады пакінулі беларускую тэрыторыю вясной 1992 года, а стратэгічныя — у лістападзе 1996 года. Менавіта тады завяршыўся вывад ядзернай зброі, прычым адбылося гэта на два гады раней за тэрмін, абумоўлены міжнароднымі дамовамі. Такі быў уклад Беларусі ў працэс ядзернага раззбраення ў свеце.
Вялікабрытанія, Расія і ЗША віталі факт далучэння Беларусі да ДНЯЗ у якасці няядзернай дзяржавы і далі Беларусі гарантыі бяспекі, зафіксаваўшы свае абавязацельствы ў Будапешцкім мемарандуме. З беларускага боку дакумент падпісваў Аляксандр Лукашэнка на правах прэзідэнта краіны.
У наступныя гады практычна кожны раз, калі Захад уводзіў у дачыненні да Беларусі санкцыі праз паводзіны Лукашэнкі, беларускія ўлады нагадвалі пра гэты мемарандум, папракаючы ЗША ў яго парушэнні.
Цікава, што словазлучэнне «гарантыі бяспекі» сустракаецца толькі ў назве Будапешцкага мемарандума. Падставай для папрокаў было абавязацельства ЗША, Вялікабрытаніі і Расіі ўстрымлівацца ад эканамічнага прымусу, якое змяшчаецца ў дакуменце.
МЗС успомніў пра мемарандум і цяпер, калі ўзяўся пракаментаваць планы Расіі па размяшчэнні сваёй тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Афіцыйны Мінск прадстаўляе ўсю справу як «вымушаныя дзеянні па ўмацаванні ўласнай бяспекі і абараназдольнасці».
Варта ўдакладніць, што гаворка ідзе пра ахоўны парасон для рэжыму, які ў яго руках можа стаць і дубінай для навядзення жаху на бліжэйшых суседзяў.
Пекін (не) прамаўчыць
Заяве Пуціна пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі папярэднічаў дзяржаўны візіт у Расію старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Яго вынікам стала сумесная заява Расіі і Кітая аб паглыбленні адносінаў усёабдымнага партнёрства і стратэгічнага ўзаемадзеяння, якія ўступаюць у новую эпоху. У ёй утрымліваецца пасаж аб тым, што «ядзерныя дзяржавы не павінны размяшчаць ядзерную зброю па-за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесці ўсю размешчаную за мяжой ядзерную зброю».
Планы Пуціна прадугледжваюць якраз адваротнае дзеянне і гэтым выклікаюць пытанне: ці не падмануў Крэмль Кітай?
Наўрад ці. Згаданая сумесная заява змяшчае нямала рэчаў, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Там сказана, напрыклад, што бакі «выступаюць супраць палітыкі сілы», хоць адзін з бакоў менавіта яе ўжо больш за год нахабна праводзіць. Ёсць пасаж, які і зусім здзіўляе, калі ўспрымаць усё напісанае за чыстую манету: «Кітайскі бок станоўча ацэньвае канструктыўныя і паслядоўныя намаганні расійскага боку па фарміраванні справядлівай шматпалярнай сістэмы міжнародных адносінаў».
Такія сцвярджэнні прымушаюць думаць, што Кітай сінхранізаваўся з Крамлём у тым, што ўвесь цывілізаваны свет разумее пад агрэсіяй. Таму тое, што ўспрымаецца як парушэнне дамоўленасцей з Кітаем, у рэальнасці можа быць часткай іншых, непублічных і больш важных, дамоўленасцяей, дасягнутых з Сі Цзіньпінам — напрыклад, падчас нефармальных зносін ля каміна на крамлёўскай кватэры Пуціна.
Тое, што Пуцін анансуе да лета, можа быць ужо ці амаль рэалізавана. Ідзе вайна, у тым ліку інфармацыйная. Чэрчыль гаварыў, што ў ваенны час праўда павінна мець цэлы эскорт хлусні, а Сталін расстаўляў макеты танкаў і самалётаў на тых франтах, якія прадстаўлялі непасрэдны інтарэс, але свае сапраўдныя намеры трымаў да апошняга ў тайне.
Заява Кітая, што ён бачыць у дзеяннях Расіі «канструктыўныя і паслядоўныя намаганні ў фармаванні справядлівай шматпалярнай сістэмы міжнародных адносінаў», можна ўспрымаць і як карт-бланш.
Застаецца пытанне пра беларуска-кітайскія адносіны ў новых ядзерных рэаліях. Іх уплыў пакуль зусім не відавочны. На інтарэсы Кітая ў Беларусі можа паўплываць перамяшчэнне баявых дзеянняў на беларускую тэрыторыю, таму што яны зробяць немагчымым чыгуначны транзіт тавараў і грузаў з Кітая ў Еўропу і назад праз Беларусь. Расійская ядзерная зброя транзіту не перашкода. Яна якраз перашкода для «вызвольнага паходу» на Беларусь, які мроіцца многім пасля вызвалення Украіны. Наўрад ці знойдуцца краіны, якія падтрымаюць такую ідэю пасля таго, як у Беларусь заедзе ядзерная зброя. «Да» іх, праўда, таксама не было.