Расія будзе дамагацца ад Беларусі забароны польскіх яблыкаў

Рассельгаснагляд будзе прасіць Беларусь аб увядзенні забароны на імпарт польскай гародніны і садавіны.



jedz_jablka.jpg

Пра гэта агенцтву «Бізнэс-навіны» паведаміў прэс-сакратар расейскай установы Аляксей Аляксеенка.
«Мы ўтвараем адную мытную прастору, таму рызыкі для ўсіх аднолькавыя. Мы можам чакаць тое, што польскія бізнэсоўцы будуць старацца гэтую ж прадукцыю пастаўляць праз трэція краіны пад выглядам мясцовай прадукцыі», — сказаў Аляксеенка.

30 ліпеня Рассельгаснагляд распаўсюдзіў паведамленне аб увядзенні часовых абмежаванняў на ўвоз у Расею з Польшчы яблыкаў, ігрушак і айвы (код ТН ЗЭД 0808), абрыкосаў, вішняў і чарэшняў, персікаў, нектарынаў, слівак (код ТН ЗЭД 0809), капусты (код 0704), іншай гародніны (код ТН ЗЭД 0709).


Прычынай увядзення абмежаванняў Рассельгаснагляд называе комплекс рызык, звязаных з выяўленнем у польскай прадукцыі каранцінных для Расеі аб'ектаў, у прыватнасці, заходняга каліфарнійскага (кветкавага) трыпса (Frankliniella occidentalis Perg.) і ўсходняй пладажэркі (Grapholitha Molesta Busck).

Аднак ніхто не мае ілюзій: такім чынам Расія спрабуе пакараць Польшчу за актыўную падтрымку Украіны. Раней Польшча пастаўляла ў Расію яблык на мільярд даляраў штогод. Польскія садаводы перадавыя ў свеце, у краіне вырастаюць цудоўныя яблыкі. 
Раней Расія аналагічна забараняла імпарт беларускага малака, грузінскай мінеральнай вады, малдаўскага віна й вінаграду. Цяпер пад забарону трапілі ўкраінскія прадукты татальна. Хоць усё гэта якасная прадукцыя, якая на парадак лепшая за многія расійскія аналагі.

Дырэктар ДУ «Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі насенняводства, каранціну і аховы раслін» Леанід Пляшко паведаміў, што беларускі бок пакуль не атрымаў ад Расіі інфармацыі аб увядзенні забароны на ўвоз прадукцыі раслінаводства з Польшчы.


«У нас вельмі шмат транзітных грузаў ідзе з Польшчы ў Расію. Гэта прыкладна 1 млн тон яблыкаў у год. А іншай прадукцыі яшчэ процьма. Калі б такая забарона расійскім бокам была ўведзеная, у мяне быў бы афіцыйны дакумент з просьбай, каб на памежным пераходзе на мяжы Мытнага саюза не пускалі ў Расію пэўныя грузы. Але гэтага дакумента пакуль няма», — сказаў Пляшко.


Пляшко не здолеў адказаць на пытанне, ці будзе беларускі бок уводзіць забарону на пастаўкі польскай прадукцыі, калі пра гэта папросіць Расія. Раней Беларусь адмовілася ісці ў фарватэры Расіі ў пытанні забароны на ўкраінскія тавары.


Паводле звестак Белстата, Польшча з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком у Беларусь гародніны і садавіны.


У прыватнасці, у студзені-траўні 2014 года імпарт яблыкаў і груш у Беларусь з Польшчы склаў 190 тысяч тон, што на 67% больш, чым за пяць месяцаў 2013 года. У вартасным выразе імпарт гэтай прадукцыі вырас на 75% да USD 93,0 млн. Доля Польшчы ў агульным аб'ёме імпарту яблыкаў, ігрушаў і айвы ў вартасным выразе за пяць месяцаў 2014 склала 75,1%.

nn.by