Расія закрывае мяжу з Беларуссю
Паводле слоў расійскага прэм'ер-міністра Міхаіла Мішусціна, Масква працягне прымаць меры, каб не дапусціць распаўсюджвання каронавіруса.
Расійскія ўлады вырашылі закрыць мяжу з Беларуссю для перамяшчэння людзей.
Пра гэта на аператыўнай нарадзе заявіў прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін,
паведамляе ТАСС.
"Мы таксама прынялі рашэнне аб закрыцці мяжы з Беларуссю для перамяшчэння людзей, зрабілі шэраг іншых папераджальных крокаў, — сказаў ён. — Мы і далей будзем рабіць усё для абароны нашай краіны ад гэтай новай пагрозы, дзейнічаць на апярэджанне, прымаць вычарпальныя меры, каб не дапусціць, у першую чаргу, масавага распаўсюджвання каронавіруса".
Як адзначыў Міхаіл Мішусцін, у Расію вірус занеслі асобы, якія прыехалі з іншых краін, дзе інфекцыя раней ужо распаўсюдзілася. "Рост колькасці хворых у Расіі, які мы назіраем у апошнія дні, адбываецца ўжо за кошт іх сваякоў ці тых, з кім яны кантактавалі. У многіх краінах сітуацыя развіваецца па неспрыяльным сцэнары", — сказаў Мішусцін. Паводле яго слоў, узніклі істотныя рызыкі для жыцця і здароўя людзей, нармальнай працы бізнесу.
Ён нагадаў, што Расія абмежавала авіязносіны з краінамі Еўрасаюза, прыпынены ўезд замежнікаў праз мяжу з Польшчай, Нарвегіяй, адменена чыгуначныя зносіны з Латвіяй, Малдовай, Украінай.
"Усе цяперашнія абмежаванні намі свядома робяцца для таго, каб пазбегнуць больш жорсткіх мер у будучыні", — растлумачыў ён.
Паводле tass.ru