Колькасць выпадкаў заражэння каранавірусам у Беларусі дасягнула 36

Колькасць выпадкаў заражэння каранавірусам у Беларусі дасягнула 36. Усе яны лабараторна пацверджаныя, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.

Фота ТАСС

Фота ТАСС

На пятніцу COVID-19 быў выяўлены ў 27 грамадзян, з іх першыя трое ўжо выпісаныя з бальніц. У суботу стала вядома пра 5 студэнтаў БДУ, у якіх папярэдні тэст даў станоўчы вынік на каранавірус. Дадатковае даследаванне гэта пацвердзіла. Аднак "клінічных праяваў хваробы" ў іх няма.

Таксама за выхадныя дні каранавірус выявілі ў чатырох грамадзян, якія вярнуліся з замежжа — з Масквы, Амстэрдама і Мюнхена. Іх ізалявалі адразу пасля вяртання ў Беларусь, а людзей, якія з імі кантактавалі, адправілі на каранцін.

З бальніц збіраюцца выпісаць яшчэ траіх пацыентаў. Паведамляецца, што ў 8 чалавек маюцца "мінімальныя прыкметы інфекцыйнага працэсу", адзін — у стане сярэдняй цяжкасці, але "са станоўчай дынамікай". Астатнія з 36 чалавек прыкмет інфекцыйнага працэсу не маюць.

Медыкі кантралююць 2,5 тысячы чалавек, прыкмет інфекцыі ў іх няма. Толькі за апошні дзень выканана даследаванне на каранавірус 900 узораў, а з пачатку лютага зроблена больш за 16 тысяч тэстаў на COVID-19.

euroradio.fm