Раманчук: «Лукашэнка зразумеў, што згубіў моладзь»
Вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук пра тое, чаму так часта гучаць словы пра «голыя і галодныя» часы.
Наведваючы Гомель, кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз успомніў пра «цяжкія 90-я»:
— Гэта былі вельмі цяжкія часы. Яны былі цяжкія не толькі тым, што мы былі босыя, без штаноў, галодныя, не толькі таму, што ў нас не было сродкаў для таго, каб жыць і існаваць. Праблема складалася ў тым, што мы не ведалі, як зрабіць лепш.
І дадаў: калі б не праведзеная ім за дзесяцігоддзі палітыка, беларусы «жылі б за блізкім светам, як гэта было заўсёды», і «нас бы апраналі ў лапці, запрагалі ў калёсы і паганялі б пугай».
Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук у экспрэс-каментары «Салідарнасці» распавёў аб магчымых прычынах частага звароту Аляксандра Лукашэнкі да тэмы пачатку 1990-х.
Эксперт лічыць такія паводзіны кіраўніка краіны прагматычным і не пазбаўленым логікі:
— Ён разумее, што страціў моладзь. Яна сёння занятая зусім іншымі рэчамі і не памятае, як гэта было ў савецкі час, на пачатку 90-х. Ён бачыць таксама, як моладзь падтрымлівае альтэрнатыўных кандыдатаў, як яна прыслухоўваецца да альтэрнатыўнага меркавання. І таму Лукашэнка не марнуе дарма час на тых, каго ён ужо не зможа пераканаць.
Таму ў якасці мэтавай групы абраныя людзі, якія яшчэ памятаюць падзеі трыццацігадовай даўніны і ўсё яшчэ адчуваюць фантомныя болі: «Гэта людзі, якіх можна яшчэ напалохаць».
Акрамя таго, апеляцыі да мінулага могуць быць выкліканыя тым, што апошняе дзесяцігоддзе эканоміка краіны знаходзіцца ў стагнацыі. Уладам, па вялікім рахунку, няма чаго прапанаваць людзям.
— Па сутнасці, Лукашэнка нібы замарозіўся на два дзесяткі гадоў. Сёння ён агучвае парадак дня, які быў актуальны на выбарах 2001-га, — дзеліцца назіраннем эканаміст.
Сёння ж, калі эканоміка перажывае глыбокую рэцэсію, ні адно з мадэрнізаваных прадпрыемстваў не дэманструе поспехаў, а сама мадэль, якая існавала чвэрць стагоддзя, падобна, канчаткова зжыла сябе, уладам не застаецца нічога іншага, як выдаваць за дасягненне новыя масты і чыстых кароў.
Страх людзей — апошні шанец Лукашэнкі.
Адсюль і частыя напамінкі пра «мірную краіну», пазбегнуць узрушэнняў. Зноў жа, адрасаваныя мэтавай аўдыторыі, выхаванай на страху перад вайной.
Паводле Салідарнасці