Пытанне ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей будзе ў парадку дня Савета Еўропы

Еўрапарламент і Савет Еўропы бліжэйшым часам прымуць рэзалюцыі па пытаннях палітзняволеных у Беларусі і незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Расію і Беларусь.

_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo_1_1.jpg


Як паведамляе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, у Еўрапарламенце адбылася прэзентацыя справаздачы НАУ аб датычнасці рэжыму Лукашэнкі да незаконнага перамяшчэння і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Асабліва была адзначана роля так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка і юрысты НАУ правялі ў Страсбургу сустрэчы з віцэ-прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Эвай Копач, дэпутатамі Еўрапарламента, а таксама з палітычным дырэктарам Савета Еўропы Міраславам Папай, пастаяннымі прадстаўнікамі Польшчы, Літвы, Латвіі, Бельгіі, Швецыі, Аўстрыі, Ісландыі і Іспаніі пры Савеце Еўропы, у камітэце па міграцыі, бежанцах і перамешчаных асобах, аддзеле па правах дзяцей і аддзеле па правах чалавека Савета Еўропы.

У выніку стала вядома, што Еўрапарламент бліжэйшым часам прыме рэзалюцыю па сітуацыі з палітзняволенымі ў Беларусі, улічыць прапановы НАУ і прадстаўніцы АПК па пытаннях палітзняволеных Вольгі Гарбуновай.


16-17 траўня ў Рэйк’явіку (Ісландыя) адбудзецца Саміт кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-членаў Савета Еўропы, падчас якога будзе прынята дэкларацыя, дзе плануецца адзначыць прымусовае перамяшчэнне і дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі.

Пытанне ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў прымусовым перамяшчэнні і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей будзе прыярытэтным у парадку дня Савета Еўропы.

Нагадаем, раней Павел Латушка і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) ініцыявалі прыцягненне Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці па справе аб вывазе дзяцей з Украіны. Яны збіраюць доказы і маюць намер дамагацца ад Міжнароднага крымінальнага суда выпіскі ордэра на арышт Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці — прыкладна такі, які МКС выпісаў на арышт Уладзіміра Пуціна.