Проста трапіліся пад руку? Беларускія ўлады раптам пасварыліся са Швецыяй

Быццам бы на роўным месцы нечакана ўзнік дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю і Швецыяй. Мінск адклікаў свайго пасла для кансультацый. Тое ж самае зрабіла Швецыя, адклікаўшы з Беларусі свайго часовага паверанага. Скандал разгарэўся з-за прызначэння Крысціны Юханесан, якая раней была паслом у Беларусі, спецыяльным пасланнікам Швецыі па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Крысціна Юханесан са Святланай Ціханоўскай у дзень свайго прызначэння спецыяльным пасланнікам Швецыі па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Вільня, 6 лістапада 2023 года

Крысціна Юханесан са Святланай Ціханоўскай у дзень свайго прызначэння спецыяльным пасланнікам Швецыі па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Вільня, 6 лістапада 2023 года

Чаму гэта прызначэнне выклікала рэзкую рэакцыю Мінска? Сітуацыя трохі дзіўная і да канца не зразумелая, піша Валерый Карбалевіч у «Позірку».

На ранейшыя падобныя прызначэнні Мінск так хваравіта не рэагаваў. Раней сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў для сувязяў з беларускай дэмакратычнай супольнасцю прызначылі Францыя (Віален дэ Вілемер), Польшча (Артур Міхальскі), Эстонія (Марка Коплімаа). Падобнае амплуа ў пасла па асаблівых даручэннях літоўскага МЗС Асты Андрыяўскене. Але гэта не выклікала бурнага абурэння ў Мінску і не суправаджалася эвакуацыяй паслоў.

Магчыма, беларускія ўлады былі закранутыя тым, што міністр замежных спраў Швецыі Тобіас Більстрэм, адказваючы на пытанне «Радыё Свабода», ці прызнае ён Святлану Ціханоўскую абраным прэзідэнтам, заявіў: «Мы прызнаем яе чалавекам, які перамог на выбарах і які па праве павінен быў стаць інаўгураваным прэзідэнтам Беларусі».

Але пасля 2020 года з падобнага роду заявамі выступалі афіцыйныя асобы многіх краін Захаду. Напрыклад, не далей, як 13 снежня новы міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў сацсетцы Х падзякаваў Ціханоўскай за віншаванне з прызначэннем на пасаду, звярнуўшыся да яе «прэзідэнт Ціханоўская». І ніякай рэакцыі беларускага МЗС не было.

Да таго ж прызначэнне Юханесан адбылося 6 лістапада мінулага года, тады ж прагучала згаданая вышэй заява шведскага міністра. Неяк ужо занадта павольна рэагуе беларуская бюракратычная машына.

Глядзіце таксама

Рэжым шукае падставы абвастрыць канфрантацыю з Захадам

У чым жа сапраўдныя прычыны гэтага дыпламатычнага скандалу? Думаю, тут спрацавала некалькі фактараў.

Па-першае, у беларускага палітычнага кіраўніцтва — даўняя палітычная алергія на Швецыю. Афіцыйны Стакгольм шмат гадоў актыўна падтрымлівае грамадзянскую супольнасць, дэмакратычны рух Беларусі. І робіць гэта паслядоўна, незалежна ад сваёй унутрыпалітычнай кан'юнктуры. Такая пазіцыя, натуральна, робіць беларуска-шведскія адносіны канфліктагеннымі.

Напрыклад, 23 снежня 2010 года, пасля жорсткага разгону мітынгу апазіцыі ў Мінску тагачасныя кіраўнікі МЗС Швецыі (Карл Більт), Германіі (Гіда Вестэрвеле), Польшчы (Сікорскі) і Чэхіі (Карэл Шварцэнберг) апублікавалі ў The New York Times сумесны артыкул пад загалоўкам «Лукашэнка — лузер». Гэта стала адным з штуршкоў да вострага канфлікту паміж Беларуссю і Захадам.

У 2012 годзе здарыўся чарговы скандал. Самалёт, які пілатавалі грамадзяне Швецыі, скінуў над Беларуссю, уключаючы Мінск, плюшавых мядзведзяў з надпісамі ў абарону правоў чалавека і спакойна паляцеў назад у Літву. У адказ улады Беларусі дэ-факта выправадзілі амбасадара Швецыі Стэфана Эрыксана (яму не працягнулі візу). Цікава, што Лукашэнка, тлумачачы свае дзеянні, абвінаваціў Эрыксана ў тым, што той вывучыў беларускую мову, гісторыю краіны знаходжання.

Другая прычына. Дзве выбарчыя кампаніі (цяперашняга і наступнага года) апрыёры прадугледжваюць абвастрэнне стасункаў рэжыму з Захадам.

5 студзеня Лукашэнка на нарадзе па пытаннях якасці заявіў: «Год у нас будзе асаблівым. Зразумела, што напружанне будзе неймавернае: да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі рыхтуюцца ўсё — і на Усходзе, і на Захадзе». Што ён меў на ўвазе, кажучы пра Усход, не вельмі зразумела. Але тое, што ідэалагічным фонам выбарчых кампаній будзе вобраз ворага ў выглядзе краін ЕС і ЗША, не выклікае сумненняў.

І калі раней на прызначэнне некаторымі дзяржавамі Еўрасаюза сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў для сувязяў з беларускай дэмакратычнай супольнасцю ў Мінску глядзелі скрозь пальцы, то цяпер, трэба думаць, будуць шукаць любую нагоду, каб пайсці на канфлікт. Што мы і назіраем у выпадку са Швецыяй.

Глядзіце таксама

На адной хвалі з Масквой

Нарэшце, трэцяя прычына звязаная з агульным ходам геапалітычнай канфрантацыі паміж Расіяй (у саюзе з Беларуссю) і Захадам. Мяркуючы па ўсім, цяпер у Маскве пануе пэўная эйфарыя, з'явілася адчуванне перамогі.

Год таму справы на фронце ішлі няважна, у Крамлі можна было назіраць элементы панікі. Было відавочна, што расійскае кіраўніцтва памылілася ў разліках, яно не планавала весці зацяжную вайну, не меркавала жорсткага адказу Захаду, паўстала адчуванне тупіка.

Цяпер жа, хоць сітуацыя на фронце істотна не памянялася, настроі ў Крамлі зусім іншыя. Заходнія санкцыі апынуліся не такімі страшнымі, як думалася спачатку, іх атрымліваецца абыходзіць. Ваенныя заводы нарошчваюць выпуск прадукцыі для войска. А на Захадзе выразна адчуваецца стомленасць ад вайны, дапамога Украіне скарачаецца. У самой Украіне абвастраецца палітычная барацьба.

Пуцін і яго асяроддзе лічаць, што трэба пратрымацца да меркаванай перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. А пасля іх Захад нібыта паваліцца — і перамога ў Расіі ў кішэні, Кіеў будзе вымушаны капітуляваць. Прыкметна змянілася, стала больш агрэсіўнай рыторыка Пуціна. Можна спрачацца, наколькі гэтыя разлікі верныя, але яны ўзятыя Масквой за аснову.

Гэтая эйфарыя перакінулася і на Мінск. Пераможна-аптымістычныя ноткі чуюцца ў выступах Лукашэнкі. Маўляў, мы выстаялі пад санкцыямі, пачаўся рост эканомікі, а аднапалярны свет на чале з ЗША руйнуецца.

Беларускі кіраўнік, можна меркаваць, умацаваўся ў сваім даўнім меркаванні, што заходнія палітыкі — слабакі, яны без мужчынскіх вартасцяў. Калі так, то чаго з імі цырымоніцца, трэба дзейнічаць з пазіцыі сілы, і яны здадуцца на ласку пераможцаў.

Ну, а Швецыя тут проста трапілася пад руку.