Прэм’ер-міністры Польшчы і Літвы заявілі аб падтрымцы Беларусі ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду

Інгрыда Шыманітэ і Матэвуш Маравецкі заявілі пра гэта на перамовах у Вільні 2 траўня, перадае «Радыё Свабода» са спасылкай на «БелаПАН».

Польскія і літоўскія дыпламаты на акцыі ў падтрымку Беларусі, кастрычнік 2020 года

Польскія і літоўскія дыпламаты на акцыі ў падтрымку Беларусі, кастрычнік 2020 года

Паводле слоў польскага прэм’ера Матэвуша Маравецкага, супрацоўніцтва з краінамі «Усходняга партнёрства» важнае як для стабільнасці, так і для росту дабрабыту ў Польшчы і Літве.
«Мы бачым, што адбываецца ў Беларусі і Украіне. Гэты рэгіён асабліва ўразлівы з пункту гледжання расійскай імперыялістычнай палітыкі. Таму мы падтрымліваем Украіну і Беларусь у іх барацьбе за дэмакратыю і свабоду. Паляпшэнне сітуацыі на ўсходзе з'яўляецца індыкатарам нашага рэалізму, таму кантэкст NATO і Еўрапейскага саюза мае тут абсалютна першараднае значэнне», — заявіў польскі прэм’ер.
Паводле слоў Інгрыды Шыманітэ, Літва, як і Польшча, паслядоўна асуджае рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць мірнага насельніцтва і польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Яна адзначыла важнасць прынцыповага і выразнага агульнага голасу дзвюх краін у падтрымцы міжнароднай супольнасцю народа Беларусі.
«Мы мусім захоўваць адзінства, бо абараняем не толькі нашу ўласную свабоду і незалежнасць, але і права нашых суседзяў, якія плацяць высокую цану за сваю барацьбу самім вырашаць уласны лёс».
Акрамя «Усходняга партнёрства» і рэгіянальнай бяспекі на перамовах у Вільні абмяркоўвалася сітуацыя вакол Беларускай АЭС. Як заявіла літоўская прэм’ер-міністарка, цяпер адбываецца «крытычны этап развіцця» станцыі, таму неабходна не дапусціць трапляння электраэнергіі адтуль на рынак ЕС. Яна падзякавала Польшчы за рашучую падтрымку ў гэтым пытанні.