Прадстаўніцы палітычных партый і грамадскіх арганізацый ствараюць Жаночую сетку

У Мінску 25 кастрычніка прайшла сустрэча актывістак партый і грамадскіх арганізацый Беларусі, дзе была падпісаная дэкларацыя аб намеры стварэння Жаночай сеткі.



8173.jpg

Ілюстрацыйнае фота

Ініцыятаркамі стварэння Жаночай сеткі (працоўная назва) выступілі прадстаўніцы Партыі БНФ, БСДП (Грамада), МСД-МГ , БПЛ “Справядлівы свет” і Цэнтра рэгіянальнага развіцця ГДФ.

Галоўную мэту аб’яднання ініцыятаркі бачаць у абмене досведам, інфармацыяй і праяўленні салідарнасці паміж жанчынамі, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Адрозненне ад існуючых у Беларусі жаночых аб’яднанняў у тым, што Жаночая сетка скіраваная не толькі на развіццё жаночага лідэрства, але і на падтрымку актыўнасці жанчынаў як прадстаўніцаў пэўных арганізацый і павелічэнне ролі жанчынаў у сферы прыняцця рашэнняў.

Да гэтага часу супрацоўніцтва паміж жанчынамі з вышэйзгаданых арганізацый развівалася на міжасабовым узроўні. Але яны паставілі сабе за мэту перайсці да супрацоўніцтва міжпартыйнага і арганізацыйнага, праз аб’яднанне ў Жаночую сетку.

На дадзены момант Жаночая сетка не мае назвы. На сустрэчы быў створаны аргкамітэт, які ўзяў на сябе адказнасць за распрацоўку неабходных палажэнняў і дакументаў. Устаноўчы сход па стварэнні Жаночай сеткі  запланаваны на ліпень 2015 года.