Поўная ізаляцыя: Жамчужны не атрымлівае лістоў з волі, ягоная карэспандэнцыя не выходзіць з калоніі
Палітвязень Міхаіл Жамчужны ўжо болей за месяц, з 10 красавіка, знаходзіцца ў Памяшканні камернага тыпу (ПКТ) выпраўленчай калоніі №9 у Горках, рэжым утрымання ў якім прадугледжвае магчымасць напісання і атрымання карэспандэнцыі.
Але, як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, пасля змяшчэння Жамчужнага ў ПКТ ён атрымаў адразу толькі ліст ад сваёй знаёмай, датаваны 10 кастрычніка 2017 года, некалькі навагодніх паштовак і лістоў, якія былі дасланы яму падчас шматмесячнага ўтрымання ў ШІЗА. Ніводнага ліста ад сяброў, калег і знаёмых, якія былі б датаваныя апошнім месяцам, Жамчужны не атрымліваў.
Для зняволенага было здзіўленнем даведацца, што і ягоныя лісты да адрасатаў не даходзяць, паколькі з адпаведнымі актамі аб знішчэнні карэспандэнцыі адміністрацыя калоніі яго не знаёміла. Міхаіл Жамчужны накіраваў скаргу ў пракуратуру Магілёўскай вобласці адносна знікнення ягоных лістоў, накіраваных з ПКТ. Пра вынікі пракурорскай праверкі пакуль нічога невядома.
Рэагуючы на сітуацыю з перашкодамі ў ліставанні, праваабаронца Таццяна Рэвяка 7 траўня накіравала скаргу начальніку выпраўленчай калоніі №9, у якой указала, што ёй дакладна вядома пра тое, што 10 і 13 красавіка Жамчужным былі накіраваны лісты на яе адрас, але іх яна не атрымала, пры гэтым з актамі пра знішчэнне лістоў да праваабаронцы зняволены азнаёмлены не быў. Адказу ад адміністрацыі калоніі праваабаронца пакуль не атрымала, як і лістоў ад Жамчужнага, у тым ліку – тых, якія былі адпраўлены ёй і пазней (усяго 4 лісты). Праваабаронца заклікае сяброў і знаёмых Жамчужнага, якія апынуліся ў аналагічнай сітуацыі стварэння незаконных перашкодаў перапісцы, накіроўваць скаргі на дзеянні адміністрацыі ва ўпраўленне Дэпартаменту выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці.
Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.
Паводле ПЦ «Вясна»