«Падобна на правакацыю». Украінскі эксперт пра падзенне ракеты ў Брэсцкай вобласці
Ад ранку па сацыяльных сетках і СМІ разыходзяцца фотаздымкі рэшткаў ракеты, меркавана комплексу С-300, якая ўпала ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Але афіцыйная версія і сведчанні мясцовых жыхароў разыходзяцца.
Па афіцыйнай версіі, якую выдала прэс-служба Лукашэнкі, «у прамежку з 10.00 да 11.00 з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Беларусі зафіксавана падзенне ўкраінскай ракеты комплексу С-300. Лукашэнка быў неадкладна праінфармаваны аб падзенні ўкраінскай ракеты на тэрыторыі Беларусі. Паводле яго даручэння на месцы працуе група вайскоўцаў і следчых, прычыны падзення цяпер высвятляюцца».
У паведамленні адзначаецца, што беларускія ўлады разглядаюць дзве асноўныя версіі. Першая — залёт ракеты на тэрыторыю Беларусі, аналагічны нядаўняму інцыдэнту ў Польшчы, калі ракета паляцела не ў той бок. Другая — ракета збіта ў выніку працы сістэм СПА Беларусі.
«На месцы здарэння працуюць спецыялісты СК, МУС, МА. Звестак аб пацярпелых на дадзены момант не маецца», — адзначаецца ў паведамленні.
Між тым, жыхары Іванаўскага раёна распавядалі, што выбух («аж вокны трэсліся») здарыўся ўначы альбо бліжэй да раніцы, і рэшткі ракеты ў полі ў раёне аграгарадка Гарбаха ў чацвер знайшлі менавіта зранку.
Сёння Расія нанесла маштабны ракетны ўдар па тэрыторыі Украіны. Некаторыя звязваюць падзенне ракеты з працай украінскіх СПА супраць расійскіх крылатых ракет. Але ўкраінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў у каментары Радыё Св*бода лічыць прылёт ракеты з тэрыторыі Украіны ў Беларусь немагчымым.
— Я думаю, гэта немагчыма, што ўкраінская ракета заляцела на тэрыторыю Беларусі. З боку Беларусі прылётаў па Украіне апошнім часам няма. У нашай СПА проста не было падставаў страляць у бок Беларусі для збіцця ракетаў. А ракетных войскаў у нас няма апрыёры, таму я не ведаю, што там магло прыляцець, — кажа Жданаў.
Ён лічыць, што гэты інцыдэнт больш падобны да правакацыі.
— Прычым, магчыма, накід ідзе нават не з боку Беларусі, а Расійскай Федэрацыі.
Алег Жданаў пацвярджае, што ракеты С-300 ёсць на ўзбраенні і Украіны, і Беларусі, і Расіі. Прычым ва ўсіх краінах устаноўкі аднолькавыя. Вызначыць, чыя менавіта гэта была ракета, дастаткова нескладана.
— Трэба толькі знайсці аскепак ракеты з серыйным нумарам. І тады адразу стане зразумела, дзе гэтая ракета выпушчаная, у якім годзе, і ў якой вайсковай частцы яна была. Калі ракета ўпала, то пакажыце яе серыйны нумар — і ўсё, — кажа Жданаў.
Эксперт не выключае, што гэта можа быць правакацыя з мэтай уцягвання Беларусі ў вайну ва Украіне.
— У нас на мінулым тыдні была інфармацыя аб тым, што ў Беларусь прыбылі байцы прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер». Цалкам магчыма, што яны рыхтуюць вайну пад чужым сцягам, каб максімальна ўцягнуць Беларусь у вайну на баку Расіі.
Улічваючы магчымасці КДБ Беларусі, я ўпэўнены, што Лукашэнка дакладна ведае, чыя гэта ракета і хто яе пускаў, — падсумоўвае Алег Жданаў.