2022-гі: Час расстання з ілюзіямі. Некаторыя вынікі года

Безумоўна, гэты год быў вельмі складаным для ўсіх нас. Але нельга не сказаць і пра тое, што ён быў вельмі і вельмі карысным. Не толькі беларускае, але ўсё сусветнае грамадства ў гэтым годзе развітвалася з ілюзіямі і ўяўленнямі пра Сусвет, якія страцілі сваю актуальнасць. Ды, зрэшты, не былі яны актуальнымі ніколі.

9bb68fe42ee2199a8b5e7f108e72cbc9.webp


Калі розныя эксперты і аналітыкі падводзяць вынікі года, канешне, галоўная падзея ў іх — вайна ва Украіне. Свет проста не хацеў верыць у тое, што ў ХХІ стагоддзі нехта наважыцца весці захопніцкую вайну ў Еўропе. Прычым развязаць яе так нахабна і на фэйкавых падставах. Але ўварванне Расіі ва Украіну проста расплюшчыла свету вочы.

Калі ўсе кажуць пра гэтую вайну, яны збольшага забываюцца на тое, што яна, насамрэч, ідзе ўжо восем гадоў — з часоў акупацыі Крыма і Данбаса, з часоў «іхтамнетаў», «рускага міру» і «рускай вясны». Мы проста не заўважалі таго, што адбывалася на ўсходзе Украіны.

Шмат хто не верыў у здольнасць Украіны супраціўляцца агрэсіі больш за два тыдні, а некаторыя і ўвогуле казалі, што Кіеў возьмуць «за тры дні». Але для тых, хто ведаў Украіну і памятаў, што вайна пачалася не 24 лютага, гэта сапраўды было трызненнем. Прынамсі, мой украінскі сябра Дмітро Крапівенка, былы рэдактар часопіса «Украінскі Тіждень», а цяпер баец УСУ, усе гэтыя восем гадоў вазіў на фронт «гуманітарку» і абсталяванне для вайскоўцаў — ад маскіровачных сетак да сродкаў сувязі. І тое, што Расія «захрасла» менавіта ў Данецку і Луганску, у тым ліку заслуга тых валанцёраў, якія ўвесь час падтрымлівалі войска.

Нечаканым было тое, што Беларусь прадаставіла сваю тэрыторыю для ўварвання. Гэта таксама расплюшчыла вочы не толькі нам. «Саюз дыктатараў і ізгояў» аказаўся не такім бяскрыўдным, а роля Беларусі ў расійска-ўкраінскай вайне паказала, што месца Сінявокай у рэгіянальнай стабільнасці — не такое ўжо і малое, як пра гэта думалі на Захадзе.

Шмат гадоў разумныя людзі казалі еўрапейскім палітыкам, што дыктатарская Беларусь — гэта пагроза еўрапейскай бяспецы, што гэта натуральны плацдарм на мяжы ЕС і NATO. Цяпер Лукашэнка гэта яскрава прадэманстраваў. Але ёсць адчуванне, што еўрапейскія палітыкі да поўнага асэнсавання гэтага факту яшчэ не саспелі. Калі Польшча і краіны Балтыі гэта разумеюць, то ў Парыжы і Берліне толькі пачынаюць асэнсоўваць.

Міф пра «другую армію свету» і міф пра «беларускі эканамічны цуд» аказаліся ілюзіямі аднаго кшталту. Высветлілася, што «другая армія свету» пражыць не можа без сусветных тэхналогій і вымушана выкалупваць чыпы з пральных машын. А «беларускі эканамічны цуд» нічога не варты без іншых краін: дастаткова было абмежаваць экспарт нафты і калію, і наша эканоміка знізілася амаль на 5%.

Важнае тое, што Беларусь у вайну ўцягнуў чалавек, які больш за ўсіх крычаў «абы не было вайны». І нават сучасны ўзровень рэпрэсій дапамог пазбавіцца ілюзій пра тое, што ўлада можа неяк «дэмакратызавацца», што нейкія перамены мажлівыя і пры гэтым рэжыме, што магчымая нейкая «лібералізацыя» і гэтак далей. І асабліва тое, што на Лукашэнку ў гэтым плане можа паўплываць Пуцін, што ён мог бы выступіць нейкім «мадэратарам» у паляпшэнні сітуацыі ў Беларусі.

Цяпер ніхто на гэта спадзявацца не будзе.

Але не ўсе ілюзіі, якія ў нас меліся, маюць негатыўнае адценне. Напрыклад, нам дзесяцігоддзямі ўбівалі ў галовы, што Беларусь на Захадзе нікому не патрэбна, а беларусы там будуць грамадзянамі другога гатунку і «абслугоўваючым персаналам». Але варта было Сінявокай набыць тую «таксічнасць», якую яна набыла з саўдзелам у вайне, аказалася, што беларусы — вельмі каштоўны рэсурс для любой краіны. За нашых айцішнікаў разгарнулася сапраўдная канкурэнцыя паміж Польшчай і Літвой, да іх далучыліся нават Казахстан і Узбекістан.

Беларусы, што з’ехалі з краіны, нармальна ўладкоўваюцца ў новых для сябе краінах, і ўсе заўважаюць іх працавітасць, здольнасць навучацца, іх адукацыю і кампетэнцыі. І чакаюць не толькі праграмістаў; прадпрымальнікі, лекары, будаўнікі, настаўнікі (найперш замежных моў) і нават цырульнікі — усе яны аказаліся запатрабаваныя, прычым па ўсім свеце.

Нельга не адзначыць выбух беларускіх праектаў па ўсім свеце — яны нарадзіліся ў 2021-м, але пасталелі ў гэтым годзе. Беларускія выдавецтвы пачалі працу за мяжой, запісваюцца казкі і аўдыёкнігі, ствараюцца і развіваюцца беларускія прасторы, рускамоўныя раней СМІ пачынаюць паціху-пакрысе пераходзіць на беларускую… Калі раней беларускамоўны каляндар ад «Будзьма беларусамі» быў ці не адзіным, то тая ж кампанія «Будзьма» толькі топавых беларускамоўных календароў на 2023 год налічыла ажно сем штук.

Галоўны кіберспартовы турнір па Dota 2 (The International) упершыню атрымаў афіцыйнае асвятленне на беларускай мове.

Беларусы выявіліся запатрабаванымі ў свеце. Раптам аказалася, што беларускія ўлады — гэта не «Рэспубліка Беларусь», што без грамадзян яны — лузеры.

І не варта думаць, што гэта ўсё — заслуга толькі беларусаў замежжа, што ў самой Беларусі ніякіх працэсаў не адбываецца, што там усё «зачышчана дашчэнту». Калі казаць пра тыя ж календары, то частка з іх выпушчана менавіта ў Беларусі. Некаторыя нават прэзентаваліся ў «Акадэмкнізе».

Проста беларуская прастора цяпер не абмяжоўваецца толькі Беларуссю. Проста раней мы не заўважалі, што адбываецца ў беларускай дыяспары. І цяпер мы пазбаўляемся ад яшчэ адной ілюзіі — ад таго, што Беларусь абмежавана толькі тэрыторыяй дзяржавы пад назвай «Рэспубліка Беларусь». Нашая тэрыторыя аказалася значна шырэйшай за гэтыя дзяржаўныя межы.

Шмат чаго яшчэ было ў гэтым годзе. Сцісканне беларускага суверэнітэту, санкцыі за саўдзел у вайне, дэфолт па еўрааблігацыях, «рэйкавая партызанка», Нобелеўская прэмія Алесю Бяляцкаму, рэпрэсіі, рэпрэсіі і яшчэ раз рэпрэсіі…

Але насамрэч у пазбаўленні ад ілюзій няма нічога кепскага. Мы проста разумеем, хто ёсць хто і што ёсць што, мы больш адэкватна ацэньваем сітуацыю. А адэкватная ацэнка сітуацыі — першы крок для выпрацоўкі адэкватных рашэнняў і адэкватных дзеянняў.

Адэкватных, а не як у нашага ўрада — рост ВУП на 3,8% у 2023-м…