Назву Курапаты стварыў Зянон Пазьняк

Імя ўрочышчу на ўскрайку Мінску, дзе за часамі Сталіна праводзіліся масавыя расстрэлы, даў Зянон Пазьняк.

kurapaty_hp_adkaz_27_10_15_1__logo_1.jpg


Заснавальнік народнага мемарыялу Зянон Пазьняк распавёў "Радыё Рацыя", што раней такога тапаграфічнага імя як Курапаты не існавала. У народзе гэтае мейсца мела іншую назву.
Як Курапаты зваліся раней? Для чаго спатрэбілася новая назва?
— Ёсць такое меркаванне, што да таго, як вы адкрылі Курапаты такога тапаграфічнага наймення не існавала. Ці праўда гэта?
— Праўда. Не існавала, — кажа  Зянон Пазьняк. — Гэтае месца называлася Брод. І людзі ў Цне, ці іншых ваколічных вёсках ведалі, што гэта — Брод. Калі я шукаў людзей, якія былі сведкамі, дык у адной з вёсачак непадалёк ад Курапатаў, я размаўляў з маладымі людзьмі, і яны мне расказвалі, што чулі ад бацькоў. Казалі, што хадзілі туды курапаткі збіраць. Тады я гаварыў са старэйшымі людзьмі, і яны таксама кажуць: «Ой, мы тады былі малыя ў 30-х гадах і хадзілі туды збіраць курапаткі. Хадзілі на курапаткі». Гэта кураслепкі, калі іх сарвеш яны потым закрываюцца, таму іх і называюць кураслепкі. Яны і на ноч закрываюцца. Некаторыя называюць іх белымі падснежнікамі. Усё гэта я запісаў, а калі пісаў артыкул, вырашыў назваць гэтае месца так, як дзеці казалі, што яны хадзілі на курапаты, на курапаткі. Мне гэта здалося такім сімвалічным, што там кветкі раслі і дзеці хадзілі на курапаткі, а там такое страшнае месца, дзе расстралялі столькі людзей.
— Выходзіць, назва ўсё ж народная.
— Гэтая назва ўжо бытавала, але ўсё ж яна была новага паходжання, умоўнага, гэткая лакальная. Можа потым яна і замянілася б. Я разумею, як у народнай традыцыі гэта адбываецца.
— Ці вы не далі такую назву «Курапаты», каб прадухіліць у будучыні мажлівыя фальсіфікацыі.
— Я гэта прадумаў, я разумеў, што абавязкова будзе міжнародны розгалас, бо гэта самае страшнае месца на свеце, дзе расстралялі столькі людзей. А па-другое, гэта факт для суду над камунізмам, бо ўсё ранейшае — гэта былі толькі словы. Дык я так падумаў, што гэтая назва не вельмі стасуецца, бо «брод» па-нямецку — хлеб. І гэта станоўчая назва атрымліваецца, а немцам абавязкова трэба будзе гэта ведаць. І да ангельскай крыху блізка падыходзіць таксама. Я падумаў, што не можа быць, каб за мяжой былі такія станоўчыя асацыяцыі з гэтым месцам, і таму тую новую назву я ўзяў у назву артыкула і гэтая назва пайшла. Вынік аказаўся вельмі добрым, бо потым я падумаў, што яшчэ ж і барацьба будзе. І гэта будзе добра, прынясе гэткую абарону для гэтага месца. Потым, у 90-х гадах, калі пачаўся адкат, калі прыйшла рэакцыя і пачаў паяўляцца Лукашэнка, з′явілася шмат сведак НКВД-шнікаў, хлусаў. Адзін апісваў так, і гэта надрукавалі газеты, што вось я помню вайной мы ехалі ў 45-м па Лагойскім тракце і там быў указальнік: туды — Заславль і Курапаты. Указальніка там быць не магло, бо такога слова не было. І яшчэ аднаго таксама я чытаў, з тых, што купіліся на гэтай мякіне і паказалі сваю хлусню. Адзін пісаў лісты і нават паказваў, дзе балі агнявыя кропкі, але гэта вар′яты пісалі. А тут людзі цалкам нармальныя ў псіхалагічным сэнсе здароўя, але гэта НКВД-шная гразь, для якіх сумлення не існуе, і яны могуць сказаць, што хочаш, каб толькі дасягнуць сваёй мэты.
— А калі нарэшце ўздымуцца архівы КДБ, дзе будуць паперы датычныя ўсіх гэтых расстрэлаў, дык як там гэтае месца будзе абазначацца?
— Яно будзе абазначацца па нейкай унутранай КДБ-ісцкай назве. Нейкі нумар ці сектар. Яны не будуць называць гэта Бродам, для іх не існавала мясцовай тапанімікі.
Зянон Пазьняк перакананы, што далей праводзіць раскопы ў Курапатах няма сэнсу. Тое, што НКВД тут ладзіла масавыя расстрэлы — бясспрэчны факт. Колькасць забітых ацэньваецца ў чвэрць мільёна чалавек. Імёны ахвяраў і катаў павінныя ўсплыць з засакрэчаных пакуль дакументаў.
Гутарыў Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя