«Наўрад ці Дуда ці Урсула фон дэр Ляйен тэлефануе Лукашэнку і кажа: Давай, давай, увядзі войскі ва Украіну»

Палітык Андрэй Дзмітрыеў вылучыў дзве прычыны, чаму Лукашэнка ўвесь час кажа аб няўдзеле сваёй арміі ў вайне.

dmitriev30_1a.jpg

На днях кіраўнік Беларусі зноў падняў гэтую тэму. У прыватнасці, падчас наведвання «Белшыны» Лукашэнка заявіў: «Для мяне самае галоўнае не ўлезці па вушы ва ўкраінскі канфлікт, а зрабіць так, каб ён хутчэй скончыўся. Ніколі Пуцін мяне не прасіў: давай, зайдзі, там кагосьці замачы ва Украіне і іншае. А вось Захад падштурхоўвае».

Сябра аргкамітэта «Нашай партыі» палітык Андрэй Дзмітрыеў патлумачыў, што менавіта не трэба рабіць, каб, як заяўляе кіраўнік, не ўлезці «па вушы».

— Тое, што Лукашэнка ўвесь час падымае тэму няўдзелу беларускай арміі ў канфлікце, кажа пра дзве рэчы,цытуе палітыка «Салідарнасць» са спасылкай на яго стрым. — Па-першае, аб тым, што ён бачыць, што яго ніхто не чуе. Ён бачыць, што той эфект, на які разлічвала беларуская ўлада ад няўдзелу арміі, на міжнародным узроўні абсалютна мінімальны. І другі момант. Гэта азначае, што ціск з гэтай нагоды працягваецца. І, вядома, наўрад ці Дуда, ці Урсула фон дэр Ляйен тэлефануе Лукашэнку і кажа: давай, давай, увядзі войскі ў Украіну. Зразумела, што калі ў кагосьці і можа быць такая цікавасць, то толькі ў Крамля.

Яшчэ адзін момант, які, на думку Дзмітрыева, прымушае Лукашэнку агучваць такія рэчы, — гэта тое, што канфлікт пайшоў па зусім незапланаваным сцэнары.

— Сто дзён таму Лукашэнка казаў, што тры-чатыры дні, і пытанні вырашацца, а сёння ён заяўляе, што ніхто не ведае, як будзе разгортвацца ўкраінскі канфлікт, — тлумачыць палітык. — А гэта азначае, што калі раней Аляксандр Лукашэнка быў абсалютна ўпэўнены, што Расія пераможа (у інтэрв'ю ВВС ён казаў, што Расія прайграць не можа), то мы бачым, як гэтая пазіцыя мяняецца.

Хоць, вядома, каб з вушамі не ўлезці ў гэты канфлікт, пажадана і кіпцікам туды не залазіць, каб уся птушка не знікла беларуская. Дык вось для гэтага трэба займаць пазіцыю нейтралітэту ў гэтым канфлікце.

Менавіта такую пазіцыю, па думку Дзмітрыева, прадэманстравалі на нядаўнім саміце АДКБ усе астатнія ўдзельнікі-члены.

— І як бы беларуская прапаганда цяпер ні спрабавала распавядаць пра тое, што АДКБ — гэта новы ўзровень інтэграцыі на постсавецкай прасторы, факт застаецца вельмі простым: ніводзін вайсковы хаўруснік Расіі фактычна не падтрымаў вайну, акрамя Беларусі, — адзначае Андрэй Дзмітрыеў.

Зараз задача ў Беларусі яшчэ больш не ўлезці ў канфлікт. І ў гэтым сэнсе выдатны прыклад, на думку Дзмітрыева, дэманструе прэзідэнт Казахстана Такаеў, які заявіў пра нейтралітэт, а падчас свайго візіту на Пецярбуржскі эканамічны форум сказаў, што ён не прызнае ні «ДНР», ні «ЛНР».

— Вось так проста, у адкрытую, сказаў, што санкцыі ёсць санкцыі і мы будзем іх выконваць, — нагадвае Дзмітрыеў. — І хоць Такаеў быццам бы наўпрост абавязаны АДКБ, што выстаяў як прэзідэнт, у рэальнасці мы бачым тую пазіцыю, якая займала беларуская ўлада падчас крымскай гісторыі і наконт «ДНР», «ЛНР» восем гадоў таму.

І гэта адзіная пазіцыя, якую сёння трэба займаць. Каб ні з вушамі, ні з кіпцікамі, ні якімі іншымі часткамі цела не ўлезці ва ўкраінскі канфлікт. І каб у будучыні мець магчымасці выбудоўваць сяброўскія адносіны. І з Расіяй, і з Украінай.

Палітык таксама звярнуў увагу на тое, што Лукашэнка вельмі хацеў наведаць форум, аб чым сам неаднаразова казаў.

— Але на форум запрашаюць Такаева. У мінулы раз быў Пашынян. І гэта, мне здаецца, таксама пра адносіны. Быццам бы і саюзнік, але Расія спрабуе знайсці магчымасці размовы з іншымі краінамі ў рамках Еўразійскага саюза. Таму што аказалася, што ўсе гэтыя глабальныя праекты не спрацоўваюць. Што Расію ў яе планах проста ніхто, акрамя Лукашэнкі, не гатовы падтрымаць. І незразумела, ён падтрымлівае сёння Расію таму, што сапраўды падтрымлівае, ці таму, што праз такія стасункі з Захадам, якія пачаліся пасля 2020 года, проста варыянтаў не існуе? — задаецца пытаннем Дзмітрыеў.