NATO ўступіць у вайну з Расіяй, калі тая зладзіць правакацыю на ЗАЭС

Сябар Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Адам Кінзінгер і брытанскі парламентарый Тобіяс Элвуд заявілі, што NATO ўступіць у вайну з Расіяй у выпадку ядзернай правакацыі на Запарожскай АЭС.

Выява з гульнкі S.T.A.L.K.E.R. 

Выява з гульнкі S.T.A.L.K.E.R. 

Праз узнікненне пагрозы радыеактыўнага забруджання Еўропы актывізуецца пяты артыкул NATO. Зыходзячы з яго, Альянс аўтаматычна ўступіць у вайну, піша "Позірк".

photo_2022_08_20_14_12_59.jpg

Калі станцыя акажацца адрэзаная ад электрычнасці, паліва можа перагрэцца і расплавіць рэактар.

Адзін з верагодных сцэнарыяў днямі паказалі навукоўцы. У выпадку аварыі на Запарожскай АЭС радыяцыя закране не толькі Украіну, але і Беларусь, Польшчу і краіны Балтыі.

Нагадаем, як пісаў «НЧ», навукоўцы Украінскага гідраметэаралагічнага інстытута Украіны і НАН Украіны змадэлявалі перанос радыеактыўных прымешкаў пры гіпатэтычнай аварыі на Запарожскай АЭС (ЗАЭС) пры метэаралагічных умовах, якія назіраюцца 15-18 жніўня 2022 года:

«Згодна з вынікамі разлікаў, на працягу 15-18 жніўня 2022 года самыя высокія значэнні канцэнтрацый радыеактыўных аэразоляў могуць назірацца ў межах тэрыторыі Украіны, асабліва ў блізкай зоне ад крыніцы выкіду, радыусам 50–100 кіламетраў. Прычым практычна ва ўсіх напрамках па адносінах да ЗАЭС. Значныя канцэнтрацыі радыенуклідаў могуць дасягнуць Кіева. Часткова радыеактыўныя прымешкі могуць таксама быць вынесеныя на тэрыторыі суседніх дзяржаў (усходняя частка Беларусі, Польшча, краіны Балтыі)».

Украінская выведка выказвала думку, што Расія рыхтуе 19 жніўня правакацыю на Запарожскай АЭС. Рускія захопнікі нечакана прызначылі выхадны на Запарожскай атамнай станцыі на 19 жніўня. Прадстаўнікі «Расатама» да таго ў тэрміновым парадку пакінулі станцыю. Аднак пакуль катастрофы не здарылася.

Расійскія вайскоўцы захапілі атамную станцыю 4 сакавіка.