NATO асуджае Беларусь за падтрымку нападу на Украіну
NATO выступіла з асуджэннем Беларусі за падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну. Аб гэтым гаворыцца ў сённяшняй заяве, апублікаванай на сайце Паўночнаатлантычнага альянсу.
«Мы самым рашучым чынам асуджаем жахлівы напад Расіі на Украіну, які з'яўляецца зусім неапраўданым і несправакаваным. Нашы думкі з усімі забітымі і параненымі, а таксама з народам Украіны. Мы таксама асуджаем Беларусь за падтрымку гэтага нападу» — заяўляюць прадстаўнікі NATO.
У блоку адзначаюць, што гэты паўторны напад з'яўляецца грубым парушэннем міжнароднага права і ўяўляе сабой акт агрэсіі супраць незалежнай мірнай краіны. Аўтары падтрымліваюць народ Украіны, украінскага прэзідэнта, парламент і ўрад. Яны заклікаюць Расію неадкладна спыніць ваенныя дзеянні і вывесці войскі з тэрыторыі Украіны і паблізу яе і асуджаюць рашэнне аб прызнанні «ДНР» і «ЛНР», піша REFORM.by.
«Менавіта Расія, і толькі Расія, абрала эскалацыю», — падкрэсліваецца ў заяве.
«Дзеянні Расіі ўяўляюць сур'ёзную пагрозу для еўраатлантычнай бяспекі, і яны будуць мець геастратэгічныя наступствы. NATO будзе працягваць прымаць усе неабходныя меры для забеспячэння бяспекі і абароны ўсіх саюзнікаў. Мы разгортваем дадатковыя абарончыя сухапутныя і паветраныя сілы ва ўсходняй частцы Альянсу, а таксама дадатковыя марскія сродкі. Мы павысілі гатоўнасць нашых сіл да рэагавання на ўсе непрадбачаныя абставіны» — заяўляюць прадстаўнікі альянсу.
У NATO маюць намер распачаць дадатковыя крокі для далейшага ўмацавання стрымлівання і абароны ў рамках усяго Альянсу.
«Нашы меры з'яўляюцца і застаюцца прэвентыўнымі, прапарцыйнымі і неэскалацыйнымі. Наша прыхільнасць артыкулу 5 Вашынгтонскага дагавора жалезная. Мы адзіныя, каб абараняць адзін аднаго», — рэзюмуюць прадстаўнікі блока.