Ціханоўская: Нам сорамна за тое, якую ролю Беларусь адыгрывае ў гэтай вайне
Святлана Ціханоўская запісала відэазварот да беларусаў і ўкраінцаў у сувязі з вайсковым уварваннем Расіі ва Украіну.
«Дарагія ўкраінцы, ад імя нашай краіны выказваю салідарнасць і падтрымку, а ад імя беларусаў хачу сказаць: нам сорамна за тое, якую ролю тэрыторыя нашай краіны адыгрывае ў гэтай вайне. І мы гатовыя зрабіць усё магчымае, каб спыніць агрэсараў і гэтую катастрофу», — заявіла яна.
«Гэта ўжо не ўнутрыпалітычны крызіс. Гэта вайна, у якой Беларусь была ўдзельніцай, хоць мы ўсе былі супраць. Трэба абараняць не толькі палітвязняў ці новыя выбары. Нам трэба абараняць само існаванне нашай краіны, яе незалежнасць і суверэнітэт. Свабода і адказнасць заўсёды ідуць побач. І прыйшоў час кожнаму ўзяць на сябе адказнасць за сваю краіну», — сказала яна.
Яна заклікала «ствараць нацыянальны антываенны рух і рыхтавацца адстойваць свой суверэнітэт».
Яна адзначыла, што да рэальнага ваеннага становішча ва ўсім рэгіёне прывялі «амбіцыі двух дыктатараў». «Разам з усімі нашымі партнёрамі, уключаючы Каардынацыйную Раду, НАУ, ByPol, мы тэрмінова мяняем стратэгію пад гэтыя мэты. Адна з нашых задач — каб усе правільна разумелі сітуацыю: вайну пачаў Пуцін, а Лукашэнка і тыя, хто выконвае ягоныя загады, — саўдзельнікі ваеннай агрэсіі», — заявіла яна.
«Наша краіна супраць вайны. Для мяне, для ўсіх дэмакратычных сілаў і для ўсёй Беларусі галоўная мэта цяпер — спыніць вайну, каб нашы дзеці не вучылі ўрокі ў бамбасховішчы, каб нашы вайскоўцы не стралялі адзін у аднаго, і каб на доўгія гады ўвесь рэгіён не пераўтварыўся ў пекла. Таму, родныя беларусы, я б хацела мець магчымасць паглядзець у вочы кожнага з вас і сказаць, што мы разам і што мы будзем дзяліцца з вамі ўсімі навінамі і трымаць у курсе падзей», — сказала Ціханоўская.
Завяршыла яна свій выступ словамі: «Жыве Беларусь. І Слава Україні».