Намеснік старшыні ПА АБСЕ наведае Мінск з афіцыйным візітам

Карл Харстэд прыляціць у Мінск напярэдадні чарговай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, на якой Расіі параяць адмяніць анэксію Крыма.



001055_00000673232.jpg

Візіт у Беларусь Харстэда будзе праходзіць з 30 чэрвеня па 2 ліпеня. Запланаваныя яго сустрэчы са старшынямі палат беларускага парламента Уладзімірам Андрэйчанкам і Міхаілам Мясніковічам, намеснікам міністра замежных спраў Аленай Купчыной, старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай.

Верагодна, адной з тэм перамоў стане правядзенне ў Беларусі прэзідэнцкіх выбараў, у прыватнасці, умовы працы на іх назіральнікаў ад місіі БДІПЧ АБСЕ.

Акрамя таго, візіт еўрапейскага парламентарыя адбудзецца напярэдадні чарговай сесіі ПА АБСЕ, якая пройдзе 5 — 9 ліпеня ў Хельсінкі. На ёй будзе разглядацца праект рэзалюцыі агульнага камітэта па палітычных пытаннях і бяспецы, у якой утрымліваецца заклік да Расіі "адмяніць анэксію Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаль ва Украіне", а таксама адзначаецца неабходнасць захавання прынцыпаў непарушнасці межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці, мірнага ўрэгулявання спрэчак, роўнасці правоў і самавызначэння народаў.

Кіраўнік афіцыйнай беларускай дэлегацыі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі, які возьме ўдзел у працы сесіі, заявіў БелаПАН, што не падтрымае пункт аб анэксіі Крыма.

"Мы будзем прытрымлівацца ў фарватэры нашай агульнай пазіцыі па гэтым пытанні. Мы за гэтае пытанне не галасавалі ні ў ААН, ні на саміце Усходняга партнёрства. Мы заявілі, што не можам за гэты пункт галасаваць", — сказаў ён.