«Нацыі не патрэбна моцная рука — патрэбны давер, узаемапавага і салідарнасць». Зварот Святланы Ціханоўскай

«Ведаю, як моцна хочацца верыць, што наступны год будзе лепшы — не ў тэлевізары, а ў рэальнасці. Што цёмныя часы скончацца. Сем’і ўз’яднаюцца. Вернецца дабрабыт. І пачнецца светлая частка нашай гісторыі. Я адна не магу паабяцаць вам гэтага. Але мы можам паабяцаць гэта адно адному».

cih_1.jpg

Дарагія беларусы, як вы?

Як прайшлі вашыя тыдні перад Новым годам? Не ведаю, ці кажа вам гэта хтосьці, але вы робіце неймаверную працу. Вы будуеце жыццё ва ўмовах, калі планаваць не атрымліваецца нават на два тыдні наперад. Вы гадуеце вольных і таленавітых дзяцей, нягледзячы на жахлівы стан эканомікі і адукацыі. Насуперак нагнятанню нянавісці з усіх бакоў вы захоўваеце дабрыню і пяшчоту. Вы справіліся з гэтым надзвычайна складаным годам і стварылі сваім блізкім хоць крыху святочнага настрою. Адно гэта ўжо нагода ганарыцца сабою.

Праз гэты зварот мяне могуць пачуць і тыя, хто яго чакаў; і тыя, хто расчараваўся і страціў надзею на перамены; і тыя, хто наогул не цікавіцца, што кажа Святлана Ціханоўская.

Я дзякую, што вы слухаеце мяне. Але ж ці можаце вы пачуць і зразумець адно аднога? Як працоўны «Белкамунмашу», які страціў працу ў выніку масавых скарачэнняў, можа зразумець сталічнага айцішніка, які адкрывае кавярню ў старым горадзе і шукае супрацоўнікаў? Як жыхарка Магілёва, якая вызваляецца ад хатніх справаў амаль што ўначы, — як яна можа зразумець палітычнага эмігранта, які не можа вярнуцца дадому і ўжо не ўпэўнены, што яго там чакаюць? Як жонка палітзняволенага Алеся Бяляцкага, якая атрымлівала за мужа Нобэлеўскую прэмію, зразумее студэнтку, якая прыехала скараць Менск і, калі праходзіць міма Валадаркі, не задумваецца, што гэта за месца? Хіба можа пенсіянер з Віцебска, які глядзіць тэлевізар і верыць прапагандзе, зразумець сваю дачку, якая адседзела «суткі» за фота з пратэстаў? Ці магчыма, каб маці добраахвотніка, які загінуў, змагаючыся супраць захопніцкіх войскаў Расеі, зразумела дачку пракурора, якая стамілася спрачацца з бацькам пра палітыку?

Я лічу, што паразумецца можна. Бо праблема не ў тым, што мы розныя. Праблема ў тым, што кожнаму здаецца, нібыта іншыя не чуюць і не разумеюць яго. Так мы губляем давер адно да аднога і веру ў саміх сябе.

Ведаеце, неяк мне патэлефанаваў жыхар аднаго невялікага гораду і распавёў сваю гісторыю. Ён пачаў яе словамі: «Я маленькі чалавек, я няшмат магу». Яго словы моцна мяне закранулі, бо гэта вельмі падобна на тое, як бачаць сябе беларусы. Але ведаеце, пра што была гісторыя гэтага чалавека? Ён адзін змог спыніць цэлы цягнік з ваеннай тэхнікай, які павінен быў ехаць на вайну. Толькі ўявіце: маленькі чалавек, які спыніў вялікі цягнік.

Шчыра кажучы, мне таксама здаецца, што я маленькі чалавек. Але я ўзгадваю мужчыну, які спыніў цягнік, і думаю, што нам з вамі ўсім варта перастаць лічыць сябе маленькімі людзьмі. Мы праходзім такі складаны шлях — і ніхто не мае права яго знецаніць. Мы зусім не маленькія людзі. Калі мы верым адно ў аднога і ў саміх сябе, мы — нацыя.

Нацыя Скарыны і Шагала. Купалы і Каліноўскага. Нацыя алімпійскіх чэмпіёнаў і нобелеўскіх лаўрэатаў. Нацыя таленавітых музыкаў і навукоўцаў. Сумленных рабочых і лагодных гаспадароў. Мы нацыя, якая заўсёды абірае заставацца людзьмі. І ніхто не прымусіць нас забыцца, хто мы ёсць.

Так, ёсць у нас такая рыса — сумневы ў сабе. І нам часам так хочацца, каб хтосьці больш моцны, вопытны, бясстрашны прыйшоў і дапамог нам вырашыць усе праблемы. Каб з’явілася моцная рука, якая пакажа нам шлях.

***

Але хтосьці больш моцны, вопытны і бясстрашны — гэта мы з вамі. Нацыі не патрэбная моцная рука — нам патрэбныя давер, узаемапавага і салідарнасць. Хачу дагрукацца да кожнага, таму гатовая гаварыць па-рознаму — каб пачулі ўсе.

Як шмат у каго з вас, у мяне ёсць дзеці. Я ведаю цану чалавечага жыцця — і катэгарычна супраць вайны. Мяне, як і вас, палохае тое, як блізка вайна падышла да нашага дому. Тое, што на сваіх кухнях мы абмяркоўваем пагрозу ядравай зброі, мужчынам па ўсёй краіне прыходзяць позвы, а падлеткам у школах паказваюць зброю — гэта не нармальна.

Нашая краіна на парозе вайны, не патрэбнай нікому з нас. Тыя, хто называе сябе ўрадам, страцілі незалежнасць і застаюцца пад уплывам Расеі, і менавіта таму з нашай тэрыторыі ляцяць ракеты ва Украіну. Цэны ў краіне растуць, бо хаўрусніцтва ў чужой вайне абыходзіцца вельмі дорага. У краіне тысячы палітычных зняволеных, іхная колькасць расце штодня. Гэта разбівае маё сэрца і сэрцы ўсіх іхных блізкіх. Але гэта адбіваецца і на дабрабыце ўсіх грамадзянаў — бо толькі вызваленне палітвязняў можа стаць падставай для пачатку зняцця санкцыяў. У выніку рост цэнаў, страх мабілізацыі, ізаляцыя — вось што беларусам цяпер прапануе дзяржава.

Расея напала на Украіну, бо пастанавіла, быццам украінцаў як нацыі не мусіць існаваць. Забітыя дзясяткі тысячы мірных жыхароў, у тым ліку дзеці — і гэта жахлівая трагедыя. Але Расея прайграе гэтую вайну, бо ўкраінцы абараняюць свой дом і на іхным баку — увесь свет. Расея прайграе гэтую вайну. А мы, беларусы, або пойдзем за ёй у бездань — або зможам пабудаваць мірную будучыню, якой заслугоўваем.

Да беларусаў заўсёды ставіліся добра. Але дзяржава ўцягнула нас у гэтую вайну на баку Расеі, што робіць нас суагрэсарамі. Беларусы не падтрымлівалі гэтага, беларусы заўсёды былі супраць вайны. Таму ў гэтым годзе ў нас атрымалася зрабіць так, каб Беларусь не стала ізгоем, як Расея. Але магчымы паўнавартасны ўступ Беларусі ў вайну — гэта пункт невяртання. Ён зробіць нас нацыяй агрэсараў на дзесяцігоддзі. Ён закране жыццё літаральна кожнага беларуса і кожнай беларускі. І ўжо ні маёй працы, ні працы дэмакратычнага руху і нават гераізму добраахвотнікаў не будзе дастаткова, каб пераканаць свет, што беларусы супраць гэтай вайны.

Мы не павінны дапусціць, каб ва Украіну пайшлі беларускія войскі. Мы не хочам, каб па тэрыторыі Беларусі стралялі ў адказ. Дзеля будучыні, якую заслугоўваем. Дзеля наступнага дзесяцігоддзя, у якім жыць нам і нашым дзецям.

Адмовіцца ад залежнасці ад небяспечнага суседа — гэта наш нацыянальны інтарэс. Беларусь можа быць развітай, незалежнай, эканамічна ўстойлівай нацыянальнай дзяржавай. Краінай-партнёрам, а не краінай-даўжніком. Краінай, дзе не выбіраюць новага «старэйшага брата» ці крэдытора — а нарэшце выбіраюць саміх сябе.

Так, мы павінны быць краінай, адкрытай свету. Бо калі мы хочам сказаць пра нешта добрае, мы не гаворым «як у Расеі» — мы гаворым «як у Еўропе». І нам не трэба з’язджаць з Беларусі, каб трапіць у Еўропу. Беларусь — гэта і ёсць Еўропа. І мы хочам вучыцца ў тых суседзяў, хто жыве лепей, а не ў тых, хто з акупаваных украінскіх гарадоў вязе дадому пральныя машыны.

Разумею, што гэта не самая святочная навагодняя прамова. Але ў гэты складаны час нашая нацыя заслугоўвае павагі і праўды. Ведаю, як моцна хочацца верыць, што наступны год будзе лепшы — не ў тэлевізары, а ў рэальнасці. Што цёмныя часы скончацца. Сем’і ўз’яднаюцца. Вернецца дабрабыт. І пачнецца светлая частка нашай гісторыі. Я адна не магу паабяцаць вам гэтага. Але мы можам паабяцаць гэта адно адному. 

Я, Аб’яднаны пераходны кабінет, дэмакратычныя сілы, медыі, актывісты і бізнесоўцы, сумленныя службоўцы і добраахвотнікі, працоўныя і настаўнікі, студэнты і медыкі, пенсіянеры, музыкі, чыноўнікі, тая жанчына з Магілёва і той айцішнік з Менску — мы ўсе можам паабяцаць, што будзем клапаціцца адно пра аднога ў наступным годзе і абаронім нашую краіну і нашую нацыю. Зараз мы можам абняць тых, хто побач з намі, і сказаць адно адному дзякуй за тое, што спраўляемся. За тое, што побач. За тое, што сталі мацнейшымі і не склалі рук. За тое, што калі мы разам — вяртаецца ўпэўненасць, што ў нас усё атрымаецца. Мы змаглі справіцца з гэтым годам, а значыць, зможам справіцца з усім. Дзякуй вам!

З Новым годам!