На пікет па зборы подпісаў у падтрымку Юрася Губарэвіча здзейснены напад

Двое мужчынаў абражалі нацыянальныя сімвалы і ўдзельнікаў пікету па зборы подпісаў па вылучэнню ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, а потым здзейснілі напад на пікетоўшчыкаў. Міліцыя затрымала правакатараў.

preview_5_.jpg


«Двое мужчынаў выпівалі ля крамы на вуліцы Каліноўскага, ля якой стаяў і наш пікет», — распавёў сябра ініцыятыўнай групы Алесь Славінскі.
Па ягоных словах, у нейкі момант яны падышлі да пікету і пачалі абражаць пікетоўшчыкаў і нацыянальныя сімвалы. Адзін з іх два разы ўдарыў сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Русевіча.
Аляксандр апісаў чалавека, які напаў на яго, як мажнага чалавека гадоў 25, з татуіроўкамі.
«Мужчыны моцнага целаскладу, магчыма, мясцовыя жыхары, магчыма правакатары», — дадаў Алесь Славінскі.

Удзельнікі пікету выклікалі міліцыю, якая затрымала хуліганаў і склала пратакол. На месца здарэння таксама прыехаў прадстаўнік Следчага камітэту.

_13649721_1656788814639070_1557958638_n.jpg


Адзначым, што гэта не першая спроба правакацыі на пікетах у падтрымку Юрася Губарэвіча. 9 ліпеня пара нападпітку пачала правакаваць на канфлікт пікетоўшчыкаў ля метро «Усход».
«Пара бальзакаўскага ўзросту ўселася непадалёк ад пікету і пачала распіваць алкагольныя напоі. Жанчыну зацікавіла колькі нам заплацілі, каб мы пачалі стаяць пад бел-чырвона-белым сцягам», — распавёў сябра ініцыятыўнай групы Мікіта Семяненка.
Потым, па ягоных словах, да яго «падляцеў мужчына і пачаў правакаваць на бойку, абражаючы мяне, беларускую мову і нашую краіну».

_13650348_1656781441306474_1384637680_n.jpg


«Усё адбывалася пад камерамі гандлёвага цэнтру, таму любая агрэсіўная рэакцыя з майго боку магла быць выкарыстаная супраць зборшчыкаў подпісаў за Губарэвіча. Я спрабаваў пераканаць чалавека весці сябе культурна, але мужчына толькі і працягваў крычаць, быццам мы хочам у Беларусь прывесці НАТА і прадацца амерыканцам», — дадаў Семяненка.
Па ягоных словах, правакацыю заўважылі хлопцы спартовага целаскладу, якія знешне нагадвалі футбольных фанатаў. «Яны прапанавалі вырашыць сітуацыю п’янаму мужчыне, той пакрычаў яшчэ крыху, а пасля уцёк», — заключыў сябра Руху «За Свабоду».
Першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч вылучаецца ў дэпутаты па «Каліноўскай» 108-й выбарчай акрузе.
Паводле pyx.by