МЗС: Беларусь не мае намеру выкарыстоўваць візіт дэлегацыі АБСЕ з палітычнымі мэтамі
Беларусь не мае намеру выкарыстоўваць візіт дэлегацыі АБСЕ з палітычнымі мэтамі і для атрымання палітычных прэферэнцый, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей на сустрэчы з генеральным сакратаром АБСЕ Ламберта Заньерам і дырэктарам Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Міхаэлем Георгам Лінкам 15 чэрвеня ў Мінску.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што візіт прадстаўніка АБСЕ ў Беларусь з'яўляецца своечасовым. Паводле яго слоў, "цяперашняя сітуацыя ў рэгіёне
складаная". Падчас сённяшніх перамоў бакі плануюць абмеркаваць сумесныя праекты з АБСЕ, украінскі крызіс і актуальныя пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.
У прадстаўнікоў АБСЕ, падкрэсліў Макей, ёсць магчымасць асабіста азнаёміцца з сітуацыяй у Беларусі і атрымаць паўнацэнную інфармацыю пра краіну.
У сваю чаргу Заньер зазначыў, што АБСЕ цяпер "праходзіць праз вельмі няпростыя часы". "Мы назіраем канфлікты, якіх раней не чакалі і не жадалі, — сказаў
ён. — Мы цэнім ролю Беларусі, якая падтрымлівае і спрыяе працэсу пошуку мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Мінск добра вядомы як пляцоўка для сустрэч групы па
Украіне".
Заньер выказаў надзею на тое, што мінскія пагадненні будуць спрыяць дээскалацыі канфлікту ва Украіне.
Прадстаўнікі АБСЕ знаходзяцца ў Беларусі 15—16 чэрвеня з афіцыйным візітам. Сёння акрамя перамоў па лініі МЗС у іх запланавана сустрэча з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Віктарам Гумінскім.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН