МЗС Лукашэнкі выказаў падтрымку Асаду ў сувязі з «абвастрэннем сітуацыі ў Сірыі»
Тым часам другі па велічыні горад Сірыі амаль цалкам адышоў пад кантроль сірыйскай апазіцыі, галоўнымі элементамі якой з'яўляецца рух "Хаят Тахрыр аш-Шам" і пратурэцкія фарміраванні.
Падтрымку прэзідэнту Башару Асаду, ураду і "народу брацкай Сірыі" ў сувязі з атакамі "тэрарыстычных фарміраванняў у правінцыях Алепа і Хама" выказала Міністэрства замежных спраў Беларусі ў апублікаванай 2 снежня заяве, перадае «Позірк».
Там пацвердзілі "цвёрдую прыхільнасць суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Сірыі" і выказалі падтрымку "намаганням Дамаска і яго саюзнікаў па адбіцці тэрарыстычнай пагрозы і стабілізацыі сітуацыі".
МЗС таксама "катэгарычна асудзіла" "атакі тэрарыстаў на консульскія ўстановы і грамадзянскае насельніцтва" і выказала надзею на "хуткую стабілізацыю сітуацыі, ліквідацыю тэрарыстычнай пагрозы і вяртанне брацкай Сірыі да мірнага жыцця".
Сірыйскі цэнтр маніторынгу за выкананнем правоў чалавека (SOHR) 1 снежня, які базуецца ў Вялікабрытаніі, паведамляў, што ўрадавыя войскі выйшлі з Алепа. Другі па велічыні горад Сірыі амаль цалкам адышоў пад кантроль сірыйскай апазіцыі, галоўнымі элементамі якой з'яўляецца рух "Хаят Тахрыр аш-Шам" і пратурэцкія фарміраванні. Выключэнне складаюць раёны Алепа, якія знаходзяцца пад кантролем курдскіх сіл.
Міністэрства абароны Сірыі заявіла, што ўрад рыхтуецца пачаць контрнаступленне на паўстанцкія сілы. У паведамленні, апублікаваным на старонцы міністэрства ў фэйсбуку, гаворыцца, што расійскія і сірыйскія ваенныя самалёты нанеслі новыя авіяўдары па баевіках апазіцыі ў паўночных правінцыях Ідліб і Хама, паведамляла напярэдадні руская служба "Бі-бі-сі".
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Сірыяй устаноўлены 26 жніўня 1993 года. З лістапада 1998-га функцыянуе пасольства Беларусі ў Дамаску, з ліпеня 2007-га — пасольства Сірыі ў Мінску. Лукашэнка наведваў Сірыю ў 1998 і 2003 гадах, Асад здзейсніў візіт у Беларусь у 2010 годзе.
Сірыя з'яўляецца адной з крыніц нелегальнай міграцыі, яе грамадзяне часта фігуруюць у навінах звязаных з міграцыйным крызісам Беларусі і краін ЕС, які пачаўся ў 2021 годзе.
Дзеючы прэзідэнт Сірыі заняў пасаду 17 ліпеня 2000 года. На гэтай пасадзе ён змяніў свайго бацьку Хафеза Асада, які прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту ў лістападзе 1970-га. У суме сям'я Асадаў кіруе краінай 54 гады.
Башар Асад абіраўся на пасаду прэзідэнта на безальтэрнатыўных выбарах у 2000 і 2007 гадах, у 2014 годзе пераабраўся прэзідэнтам на першых альтэрнатыўных выбарах з афіцыйным вынікам 88,7% галасоў.
Выбары 2014 года праходзілі ва ўмовах грамадзянскай вайны і байкатаваліся апазіцыяй, іх вынікі не былі прызнаны заходнімі краінамі. У 2021 годзе на чарговых выбарах Асад, паводле афіцыйных звестак, набраў 95,1% галасоў.
Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 17 красавіка Асада і сірыйскі народ з нацыянальным святам, заявіў аб намеры працягваць "падтрымліваць брацкую Сірыю для дасягнення міру, стабільнасці і працвітання".