Моладзь ставіць ультыматум

Калі кандыдат (ці кандыдаты) у прэзідэнты ад дэмакратычнай апазіцыі не дапаможа моладзі ці хаця б не ўлічыць яе патрабаванні ў сваёй праграме, будзь ён хоць тройчы «адзіны», падтрымкі ад маладых ён не дачакаецца.



xom_vas_logo.jpg

У адрозненне ад «дарослай» апазіцыі, маладзёвыя дэмакратычныя структуры аб’ядноўваюцца ў супольных дзеяннях. Кансерватыўныя Маладыя хрысціянскія дэмакраты і ліберальныя Маладыя дэмакраты (моладзевая структура Аб’яднанай грамадзянскай партыі) усвядомілі агульную «балявую кропку»,і спрабуюць вырашыць праблему разам. Гэтай кропкай сталі тыя змены ў Кодэск аб адукацыі, якія ўлада як мага хутчэй мае намер замацаваць заканадаўча.

Раней лідэрка МХД Марына Хоміч абвяшчала, што МХД пачынае кампанію за ўваходжанне Беларусі ў Балонскі працэс. І менавіта планаваныя змены ў адукацыйнае заканадаўства давалі надзею, што Беларусь усё ж будзе набліжацца да цывілізаванай еўрапейскай сістэмы адукацыі. Але апошнія заявы чыноўнікаў прымусілі МХД біць у званы і шукаць падтрымку сярод іншых маладзёжных дэмакратычных структураў.

«Беларускай сістэме адукацыі пагражае дэградацыя. Тыя праўкі, якія плануе ўнесці ў Кодэкс аб адукацыі да канца гэтага года беларускі ўрад, не тое што адкладаюць далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу, яны пагражаюць, што тая гнілая сістэма адукацыі, якая ёсць, стане ў разы горшай. Таму намі — МХД і МД былі выпрацаваныя крокі па рэформе адукацыі і далучэнні Беларусі да Балонскага працэсу», — зазначыла Хоміч.

Крокі, у прынцыпе, вядомыя, і даўно ўжо агучаныя хаця б на сайце кампаніі «Беларусь — у Балонскі працэс». Гэта наданне ВНУ і настаўнікам акадэмічных свабод, далучэнне студэнтаў да самакіравання ВНУ, адмова ад размеркавання і г.д. Але на гэта ўлады не ідуць, а толькі пагаршаюць сітуацыю.

Маладыя дэмакраты таксама вельмі заклапочаная меркаванымі зменамі беларускай адукацыйнай сістэмы. Лідэрка МД Аляксандра Васілевіч распавяла пра гэтыя планы ўладаў. «Нашыя дэпутаты плануюць зрабіць платнымі яслі — то бок, за дзяцей да трох год у дзіцячым садку прыйдзецца плаціць поўны кошт. Нашыя ўрадоўцы і тыя, хто сядзіць у парламенце, прапануюць аддаваць дзяцей у школу з шасці год, хаця ўсе медыкі ва ўсім свеце кажуць, што гэта вельмі рана, — дзеці не гатовыя да школьных нагрузак. У школе ж плануецца зрабіць поўную нагрузку на вучняў, і шасцідзённы навучальны тыдзень: 6-7 урокаў кожны дзень. У 6 год чалавек ідзе ў школу, у 17 год пры такіх нагрузках ён са школы адразу ідзе ў войска альбо ВНУ, потым праца… А дзе дзяцінства? Дзе час на самаразвіццё?», — усхваляваная Васілевіч.

xom_vas1_logo.jpg

Марына Хоміч і Аляксандра Васілевіч вельмі занепакоеныя праблемамі ў адукацыі

«Калі гэта адбудзецца, праз 10 год мы атрымаем не маладых людзей, а робатаў, зомбі, якія будуць цалкам падпарадкаваныя, не будуць мець свайго меркавання, а будуць толькі выконваць тое, што ім кажуць «зверху». Таму трэба ўмешваца, і ўмешвацца не толькі ў межах моладзевых арганізацый. Трэба, каб умяшаліся дарослыя палітыкі, падтрымалі гэтую тэму, інакш мы губляем будучыню сваёй краіны», — зазначыла Васілевіч.

Канешне, адзначыла яна, рэформа адукацыі патрэбная, але рэформы павінныя ісці ад самой моладзі, а не навязваць ёй нейкія эксперыменты. Моладзь жа хоча ў Балонскі працэс.

Як паведаміла Марына Хоміч, занепакоеныя маладзёны не толькі ўжо збіраюць подпісы да ўладных структураў, каб тыя зменшылі свае апетыты і прывялі адукацыйнае заканадаўства ў адпаведнасць міжнародным стандартам. Моладзь таксама плануе персанальна звярнуцца да кожнага дэмакратычнага палітыка са сваімі прапановамі. Апроч гэтага, палітыкі атрымаюць запрашэнне на круглы стол «Уплыў моладзі на грамадска-палітычны рух у Беларусі», які адбудзецца 22 лістапада.

«Мы збіраемся звяртацца з гэтымі патрабаваннямі да ўладаў, але мы б хацелі і звярнуца да ўсіх апазіцыйных палітыкаў, якія таксама прадстаўляюць Беларусь на ўсіх узроўнях, у тым ліку міжнародных. Мы звяртаемся да іх, каб яны ўлічылі нашыя прапановы і заклікаем іх гэта зрабіць. Мы, як маладыя людзі, як будучыня Беларусі, перакананыя — з нашымі інтарэсамі таксама трэба лічыцца. Тое, як паставяцца да гэтага палітыкі, пакажа, як моладзь, не толькі нашыя арганізацыі, будзе падтрымліваць іх пад час прэзідэнцкай кампаніі», — заявіла Хоміч.

Канешне, ад апазіцыйных палітыкаў цяжка чакаць чагосці, акрамя маральнай падтрымкі. Тым не менш, па меркаванні Васілевіч, кандыдат у прэзідэнты ад апазіцыі павінен улічваць патрэбы моладзі, — хаця б на ўзроўні сваёй праграмы.

А калі «адзіны кандыдат ад апазіцыі», ці, мажліва, проста шэраг «дэмакратычных кандыдатаў» не ўлічаць гэтыя (пакуль што) прапановы? Ці будзе моладзь усё роўна іх падтрымліваць: бо яны ж «дэмакратычныя і супраць Лукашэнкі»?

xom_logo.jpg

Марына Хоміч гэтым разам была надзіва катэгарычнай

«Безумоўна, не», — катэгарычна адказала Марына Хоміч на гэтае пытанне. «Значыць, такія яны «дэмакратычныя», — падтрымала каляжанку Аляксандра Васілевіч.

«Моладзь, гэта будучыня краіны, гэта асноўная яе надзея, і калі мы не падтрымліваем будучыню, за што мы будзем змагацца? За мінулае?», — задаецца пытаннем Хоміч.

«Праблема моладзі, праблема адукацыі — гэта не праблема аднаго дня. Гэта праблема будучыні. Калі чалавек ідзе ў палітыку, і нават збіраецца кіраваць краінай, ён у першую чаргу павінен думаць пра будучыню, пра тое, якой будзе краіна праз 10-15 год», — падкрэсліла Васілевіч.

vasil_simpotnaja_logo.jpg

Аляксандра Васілевіч: палітык павінен думаць пра будучыню, а будучыня — гэта моладзь

Прычым, не выключана, што пад час гэтага круглага стала, які пройдзе 22 лістапада, да сумеснай працы МХД і Маладых дэмакратаў падключацца і іншыя маладзёвыя арганізацыі. Адпаведна, вырастае і ўзровень патрабаванняў да палітыкаў.

Тым больш, што моладзь ужо пакрыўдзілі. Па звестках як Хоміч, так і Васілевіч, на планаваным Кангрэсе дэмакратычных сілаў па вылучэні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі не прадугледжваецца якая-небудзь квота прадстаўнікам моладзевых арганізацый. Тыя «маладзёжкі», якія «прывязаныя» да палітычных партыяў, яшчэ здолеюць «выбіць» сабе нейкае прадстаўніцтва на Кангрэсе па партыйнай лініі. А вось тыя, хто «ў самастойным плаванні» — кшталту «Маладога Фронту» альбо «Альтэрнатывы» — як кажуць, «у пралёце».

У шасці пытаннях «Народнага рэферэндума» таксама няма ніводнага, якое б наўпрост тычылася маладзёвай палітыкі.

Так што пакуль апазіцыйныя палітыкі, дамаўляючыся міжсобку, моладзь ігнаруюць поўнасцю. Але зараз ім трэба тройчы падумаць, перш чым прамяняць маючы адбыцца круглы стол на нейкае іншае мерапрыемства ці вандроўку. Моладзь — гэта ногі і рукі кандыдата ў прзэзідэнты. Хто збірае 100 тысяч подпісаў за ягоную рэгістрацыю кандыдатам? Моладзь. Хто праводзіць агітацыйную кампанію? Моладзь. Хто трапляе ў міліцыю з улёткамі і гадзінамі стаіцьна пікетах? Моладзь.

Так што, калі патэнцыйны «адзіны» ці проста «дэмакратычны кандыдат» з прэзідэнцкімі амбіцыямі не з’явіцца на гэтым форуме, то сваю кампанію ён можа лічыць скончанай, а свае амбіцыі засунуць сабе… Ну, вы зразумелі, куды.