Міліцыянты ў Крупках падумалі і праз 1,5 гадзіны вызвалілі Лябедзьку

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, актывіст Дзяніс Красачка і фатограф Генадзь Верацінскі, якіх сёння затрымалі ў Крупках, ужо на свабодзе.

liabedzka_1.jpg

Пра гэта карэспандэнту Радыё Свабода паведаміў сам Анатоль Лябедзька.

Паводле слоў палітыка, у Крупках яны з паплечнікамі былі з рабочай паездкай, прычым напярэдадні пра свае планы нікому не казалі.

«Мы абралі такую тактыку — прыехаць знянацку. Вось гэтае „знянацку“, відаць, бянтэжыць улады, якія, калі даведваюцца, што тут Лябедзька і яго таварышы, ня ведаюць, што рабіць», — кажа лідэр АГП.

У Крупках Лябедзька ды паплечнікі сустрэліся з мясцовымі прадпрымальнікамі, раздалі ўлёткі і перадалі ў райвыканкам прапанову правесці круглы стол аб стварэнні новых працоўных месцаў. А пасля гэтага іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

«Мы выйшлі ў горад, ідзем, шпацыруем. Тут побач тармозіць міліцэйская машына, выскокваюць тры маёры і нас затрымліваюць. Мы пратэставалі, казалі, што нічога не парушаем. Тым не менш нас даставілі ў пастарунак. Яны сказалі, што будуць складаць пратаколы за незаконную раздачу ўлётак (што проста выклікае смех). Мы, у сваю чаргу, адмовіліся даваць нейкія тлумачэнні. Усё гэта адбывалася ўперамежку з тым, што яны недзе хадзілі, раіліся, сыходзілі, вярталіся. Але ў выніку яны перапісалі нашы дадзеныя і сказалі, што мы вольныя», — кажа палітык.

Лябедзька дадаў, што ня ведае, ці складуць на іх усё ж такі пратаколы. Усяго ў пастарунку Лябедзька, Красачка і Верацінскі прабылі каля 1,5 гадзіны.