Наталлю Бордак дапыталі ў міліцыі адносна дапамогі ўкраінскім жаўнерам

Актывістку аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Наталлю Бордак дапыталі ў аддзеле крымінальнага вышуку Нясвіжскага РУУС. У міліцыі цікавіліся, ці ўдзельнічала яна ў дабрачыннай акцыі «Дапамажы беларускаму салдату» для ваюючых на Данбасе на баку Украіны беларусаў.

Наталля Бордак

Наталля Бордак

Таксама следчы Аляксандр Васілевіч хацеў ведаць, хто яшчэ ўдзельнічаў у дабрачынным мерапрыемстве, якое прайшло ў студзені.
Актывістка адмовілася адказваць на пытанні, якія тычыліся дабрачыннага марафону, і падпісваць любыя дакументы.
«Акрамя таго, яны (міліцыя — рэд.) цікавіліся, чым я займаюся, з кім жыву, дзе працую, як часта ўдзельнічаю ў выставах і аўкцыёнах. Напрыканцы размовы следчы Васілевіч зачытаў паперу (магчыма, пратакол допыту) у прысутнасці двух панятых, на якой распісаліся невядомыя мне мужчыны», — паведаміла Наталля Бордак.
«Вайна, якую цяжка было ўявіць сабе яшчэ некалькі год таму, сёння больш чым рэальная. Народ Украіны мужна змагаецца за сваю зямлю, за сваю дзяржаўнасць з імперыяй-агрэсарам, якая па колькасці зброі пераўзыходзіць яго ў некалькі разоў. Побач з нашымі братамі-украінцамі змагаюцца і беларусы, бо захопніцкая палітыка Крамля пагражае і Беларусі, і іншым постсавецкім краінам. Менавіта з-за таго, што Украіна так мужна стрымлівае акупантаў з усходу, Беларусь яшчэ дагэтуль не акупавана», — заявіла Наталля Бордак.
Паводле прэс-службы БХД