Міліцыянтаў зацікавіў выбарчы пікет Ігара Барысава

Сёння супраць «Табакерак», наперадзе — пытанні льготаў для чарнобыльцаў і небяспека інтэграцыі з Расіяй. Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, які балатуецца ў дэпутаты парламента па Коласаўскай выбарчай акрузе № 106 каля Камароўскага рынку праводзіць свае пікеты. Тут ён сустракаецца з патэнцыйнымі выбарцамі.

barysau_igar.jpg

Кажа Ігар Барысаў:
Сто працэнтаў грамадзян, якія да нас падыходзяць, гавораць, што мы не з той тэмы пачалі. Трэба гаварыць не толькі пра свабодныя і справядлівыя выбары, але і пра адстаўку гэтай улады, таму што яна збанкрутавала да немагчымага. А мы выбралі нейтральную тэму — ачысцім сталіцу ад «Табакерак». Таму што гэтыя шапікі стаяць у рэгіёнах. І адзін з сяброў нашага прэзідэнта, я мяркую, атрымаў манаполію на гэтыя шапікі.
Падыходзіла міліцыя, маўляў, парушаеце правы тых людзей, хто паліць, расказвае Ігар Барысаў, якому давялося тлумачыць міліцыянтам, што актывісты праводзяць пікет у рамках закону.
Ужо быў тут невялічкі канфлікт. Супрацоўнікі міліцыі падышлі, сказалі, каб знялі расцяжкі, бо мы парушаем правы тых, хто паліць. Прыйшлося тлумачыць міліцыянтам, што гэта агітацыйны пікет. Усё цалкам дазволена і мы нічога не парушаем. Сказалі, што перададуць інфармацыю ва ўчастковую камісію.
Асноўны дзень галасавання на парламенцкіх выбарах 17 лістапада. Датэрміновае галасаванне ў Беларусі ўжо пачалося. Паводле дзяржаўнага партала vybary2019.by, яўка выбарцаў ужо складае 4.69 % (больш за 4.5 адсоткаў).
Паводле Радыё Рацыя