Мікалай Аўтуховіч: “Вельмі хочацца на мора!”

Па звестках, якія атрымалі праваабаронцы “Вясны”, палітвязень Мікалай Аўтуховіч яшчэ ў кастрычніку мінулага году атрымаў вымову нібыта за тое, што не рэагаваў на заўвагі кантралёра. Сам Аўтуховіч сцвярджае, што яму ніхто заўваг не рабіў.



autuhovich_mikalaj1.jpg

Мікалай Аўтуховіч. Фота Юліі Дарашкевіч

Увогуле, пра гэтае спагнанне палітвязень даведаўся толькі ў сярэдзіне студзеня, калі ягоную камеру наведаў пракурор Гарадзенскай вобласці. Паколькі неінфармаванне вязня аб спагнанні з’яўляецца парушэннем дзеючага заканадаўства, Аўтуховіч абскардзіў гэтае рашэньне, аднак безвынікова.

Толькі дзякуючы свайму моцнаму характару, Мікалай Аўтуховіч трымаецца мужна і годна, хаця ўмовы ягонага ўтрымання ў турме №1 Гародні вельмі цяжкія: маленькая камера, дзе нават некалькі крокаў зрабіць праблематычна, адсутнасць элементарнага медыцынскага абслугоўвання, сціплае харчаванне.

Палітвязня таксама непакоіць, што да яго не даходзяць многія лісты, асабліва калі ў капэрту ўкладаюцца нейкія раздрукоўкі артыкулаў са СМІ. Такога не здараецца, калі нейкія навіны перапісаныя на паперы ад рукі.

Мікалай Аўтуховіч напісаў і пра сваю запаветную мару: “вельмі хочацца на мора!”
spring96.org