Маштаб уражвае. Стала вядомая статыстыка рэпрэсій за «экстрэмізм» у Гродзенскай вобласці
Маштаб палітычных рэпрэсій у Гродзенская вобласці можна ў значнай ступені ацаніць з афіцыйнага дакумента пад назвай «Матэрыялы для членаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп (ліпень 2024 г.). «Аб захадах па супрацьдзеянню экстрэмізму і тэрарызму, рэабілітацыю нацызму. Адказнасць за рэгістрацыю на інтэрнэт-рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі, распаўсют экстрэмісцкіх матэрыялаў у глабальнай сетцы Інтэрнэт».
Гэтыя матэрыялы падрыхтаваныя пракуратурай Гродзенскай вобласці, упраўленнем Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці. Дакумент, які мае ажно 23 старонкі і раскрывае важныя афіцыйныя лічбы пераследу, трапіў у распараджэнне «Гарадзенскай праваабароны».
Большая частка матэрыялу прысвечаная так званаму «экстрэмізму», юрыдычны панятак якога набыў у цяперашняй Беларусі проста абсурдальны характар.
З дакумента вынікае, што ў 2021 годзе да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП АУС Гродзенскай вобласці прыцягнута 57 грамадзян. За першае паўгоддзе 2024 года на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 1004 адміністрацыйных правапарушэнняў паводле арт. 19.11 КаАП, прыцягнута да адказнасці паводле гэтага артыкула 912 грамадзян.
Такім чынам толькі за паўгода за «распаўсюд экстрэмізму» па адміністрацыйных справах было засуджана амаль тысячу (!) чалавек.
Далей ідзе афіцыйная статыстыка «злачынстваў» па гадах, звязаных з «экстрэмісцкай дзейнасцю».
Паводле звестак УУС Гродзенскага аблвыканкама ў перыяд з 09.08.2020 па 30.06.2024 на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 2448 злачынствы, звязаных з «экстрэмісцкай дзейнасцю» (2020 год — 268, 2021 год — 696, 2022 год — 771, 2023 год — 471).
У першым паўгоддзі 2024 года на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 242 злачынствы «экстрэмісцкай накіраванасці».
Раскрывальнасць «злачынстваў», зарэгістраваных у 2020 годзе, склала 50,4%, 2021 — 64,5%, 2022 — 79,9%, 2023 — 88.1%, за першае паўгоддзе 2024-га — 91,3%.
З 9 жніўня 2020 года па 30 чэрвеня 2024-га асобы, якія здзейснілі злачынствы «экстрэмісцкай накіраванасці», устаноўленыя па 1836 фактах, гаворыцца щ дакуменце.
У вытворчасці следчых падраздзяленняў УСК па вобласці на 1 липеня 2024 года знаходзілася 89 крымінальных спраў названай катэгорыі, у першым паўгоддзі 2024-га ў суд накіравана 46 крымінальных спраў у дачыненні да 67 абвінавачаных (у 2023-м у суд накіравана 77 крымінальных спраў у дачыненні да 83 асоб).
У першым паўгоддзі 2024 года судамі вобласці з пастановай абвінаваўчага прысуду разгледжана 44 крымінальныя справы названай катэгорыі ў дачыненні да 66 асоб (у 2023 г.разгледжана 85 крымінальных спраў у дачыненні да 91 асобы).
«Праваахоўнымі» органамі рэгіёну ў першым паўгоддзі 2024-га спынена 1049 фактаў распаўсюджвання ў інтэрнэце інфармацыі «экстрэмісцкага» зместу, з прыцягненнем вінаватых асоб да адказнасці, заяўляецца ў справаздачы.
Паводле звестак ЕГБДП, за перыяд з 01.01.2024 па 30.06.2024 у вобласці зарэгістравана наступная колькасць фактаў прымянення адміністрацыйнага заканадаўства, якое прадугледжвае адказнасць за асобныя «экстрэмісцкія» праявы, у прыватнасці, паводле арт. 19. 11, 24.23 і 19.10 КаАП Рэспублікі Беларусь:
987 пастаноў аб накладанні спагнання за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных арт. 19. 11 КаАП Рэспублікі Беларусь (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць), па якіх «уступілі ў законную сілу пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання»;
25 пастаноў аб накладанні спагнання за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных арт. 24. 23 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), па якіх «уступілі ў законную сілу пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання»;
14 пастаноў аб накладанні спагнання за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных арт.19.10 КаАП Рэспублікі Беларусь (прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі), па якіх «уступілі ў законную сілу пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання».
Горрайпрокурорамі вобласці ў перыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 2024 года па выніках маніторынгу сацыяльных сетак і тэлеграм-каналаў, аналізу крымінальных спраў і інфармацыі, атрыманай ад суб'ектаў процідзеяння экстрэмізму, прад'яўлена 49 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У названы перыяд 46 такіх заяў разгледжана і задаволена, тры такія заявы знаходзяцца на разглядзе ў судзе, гаворыцца ў пракурорскай справаздачы.
Усяго з 2021 года па мінулы перыяд 2024-га горрайпрокурорамі вобласці накіравана ў суды 204 такіх заяў, 201 з якіх разгледжаны і задаволены, а 3 заявы знаходзяцца на разглядзе.
Такім чынам, з прыведзенай афіцыйнай статыстыкі на сярэдзіну 2024 году выразна відаць, што палітычныя рэпрэсіі на Гродзеншчыне маюць вялізны размах, яны не спыняюцца, а па некаторых кірунках нават нарастаюць.