«Лукашэнка. Напралом»: Новы фільм «Белсату» пра першыя гады кіравання прэзідэнта

Шлях кіраўніка краіны ад перамогі на дэмакратычных выбарах да ўсталявання аўтарытарнага рэжыму. У дакументальным фільме «Гульня без правілаў – 2» былыя паплечнікі Аляксандра Лукашэнкі апавядаюць пра ягоныя першыя гады на пасадзе прэзідэнта.


Каманда Лукашэнкі, як і сам кандыдат на пасаду першага прэзідэнта Беларусі, была маладая і амбітная. Шмат хто лічыў іх рэфарматарамі. Спадзевы на рэформы былі ў новай палітычнай беларускай эліты, а беларускі народ у стане «галоднай беспрытомнасці» проста хацеў сытай савецкай стабільнасці. Згадвае першы прэм’ер-міністр прэзідэнцкай рэспублікі Міхаіл Чыгір:
«Калі паслухаць тыя прамовы, прапановы, выступы, то яны і сёння добра ўспрыняліся б насельніцтвам. Чаму мы ўсе актыўна працуем і пры гэтым бедна жывем? Таму што там крадуць!»
Беларускі публіцыст Аляксандр Фядута, які быў адным з паліттэхнолагаў перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі, а пазней ягоным прэсавым сакратаром і спічрайтарам, кажа:
«Мы былі адзінай камандай з досведам рэальнай перамогі і, на вялікі жаль, мы перамаглі. – І дадае, што любоў народная да Лукашэнкі была надзвычай моцная: – Людзі да яго ішлі, каб працягнуць яму руку, дакрануцца да яго, узяць аўтограф. Хтосьці працягваў блакнот, хтосьці кнігу, хтосьці пашпарт, а хтосьці 100-доларавую купюру. Заробак быў тады 30 долараў».
Лукашэнка здолеў падарыць свайму выбарцу спадзеў на іншае, годнае жыццё. Яго створаны паліттэхнолагамі імідж дэманстраваў, як ён, палітык-адзіночка, змагаецца з карупцыяй, з палітычнымі элітамі. «Ён быў не з правымі, не з левымі, а – з народам».
«Паралеляў з сённяшнімі прэзідэнцкімі выбарамі досыць багата. Але, як слушна сказаў галоўны герой майго фільму Анатоль Лябедзька, «Лукашэнка 26 год вадзіў нас па коле і вярнуў Беларусь у 1994 год. Так што ўсё сапраўды заканамерна», – апавядае рэжысёр дакументальнага фільму «Лукашэнка. Напралом. Гульня без правілаў – 2».
Аляксандр Лукашэнка прыйшоў у вялікую палітыку як змагар з карупцыяй. Але першы ягоны палітычны скандал быў звязаны з карупцыяй у атачэнні прэзідэнта. Кіраўнік краіны загадаў СМІ не друкаваць антыкарупцыйнага дакладу. Выданні выйшлі з белымі плямамі.
«Вось, я нясу адказнасць з 1994 года, з белых плямаў? І больш я адказнасці ні на кога не ўскладаю», – сведчыць Аляксандр Фядута, які акурат і выконваў той загад Аляксандра Лукашэнкі.
Аднак гэта быў толькі пачатак. Далей – супрацьстаянне з дэпутатамі Вярхоўнага Савету, правядзенне двух рэферэндумаў, з дапамогай якіх кіраўнік краны істотна пашырыў свае паўнамоцтвы, зліквідаваў у краіне парламентарызм і фактычна здзейсніў дзяржаўны пераварот, а таксама пачатак інтэграцыйных дамоваў з Расеяй. Супраціў Лукашэнку са сценаў парламенту перайшло на вуліцы.
Першая частка «Гульня без правілаў» выйшла летась.
Таксама ў фільме:

  • Чаму Ганчар «уткнуў нож у спіну» Лукашэнку?
  • Як сябра камісіі ЦВК Лідзія Ярмошына фактычна незаконна стала выконваць абавязкі старшыні?
  • Хто праваліў імпічмент прэзідэнту і на каго прыйшлося абапірацца Лукашэнку, каб правесці рэферэндум 1996 года?

Глядзіце ў новым дакументальным фільме рэжысёра Антося Цялежнікава «Лукашэнка. Напралом. Гульня без правілаў – 2» (відэа вышэй).
belsat.eu