Лукашэнка мне — ніхто! Беларусь мне — Айчына!

Прапануем вам "Слова ў судзе за пратэст супраць гандлю незалежнасцю Беларусі", якое Уладзімір Пракопавіч даслаў НЧ.

uladzimir_njakljaeu_fota_aksana_kolb_logo.jpg


Лукашэнка мне — ніхто! Беларусь мне — Айчына! Я не толькі маю права — я абавязаны бараніць яе. Любымі сродкамі і ўсімі сіламі. Паводле Канстытуцыі (Артыкул 57): «Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь».
І, як магу, я бараню Айчыну, бо яе прадаюць, а мяне за гэта судзяць. Бо, аказваецца, на тое, каб бараніць Беларусь, трэба мець дазвол тых, хто яе прадае. І суд мне кажа, што іх воля — па-над Канстытуцыяй, над маім правам і маім абавязкам.
Як я магу давяраць такому суду? Суддзя, калі ён грамадзянін Беларусі, мусіў стаяць побач са мной на Плошчы і казаць «не!» злачыннаму, здрадніцкаму гандлю Айчынай. Гандлю нашай вадой і зямлёй, жыццямі нашых дзяцей і магіламі нашых продкаў. А суддзя стаіць насупраць мяне ў судзе і кажа, што я злачынца.
Суддзя не з тымі, хто бароніць Беларусь, а з тымі, хто прадае яе. Як я магу давяраць такому суддзі? Ніяк. І прыйшоў я ў суд толькі дзеля таго, каб выказаць яму недавер. Ёсць яшчэ адна прычына, па якой я сёння ў судзе. Я не хачу, каб у выпадку прысуду да зняволення мяне цікаваў, каб арыштаваць знянацку, без лекаў і адзежы, АМАП, ці каб людзі са зброяй ламіліся ў дзверы майго дома, сярод ночы падымаючы маю сям'ю.
Вось я тут, прыгатаваны да турмы, забірайце. Сям'і маёй, найперш жонцы, і без вас дасталося…
І апошняе. Судзяць у нас, у турму садзяць «для выпраўлення». Дык вось колькі б мяне ні судзілі і ні садзілі, я «выпраўлюся» толькі тады, калі не стане ў Беларусі такога, якім ён ёсць цяпер, суда, і такога над судом, над краінай і народам, антынацыянальнага, хлуслівага, прадажнага, злачыннага палітычнага рэжыму.

Нагадваем, што падтрымаць Уладзіміра Някляева можна ў судзе Ленінскага раёна (вул. Сямашка, 33) а 14.30. Таксама 30 снежня ў гэтым жа судзе толькі а 11.30 будуць судзіць Уладзіміра Арлова.