Фармат акцыі 29 снежня ў Мінску зменены
Адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мітынгаў у падтрымку незалежнасці Беларусі не перашкодзіць правядзенню новых мерапрыемстваў. Так, запланаваная ў Мінску на 29 снежня акцыя супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй, якую рыхтаваў арыштаваны напярэдадні сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, усё ж такі адбудзецца. Аднак яе час і фармат змененыя.
Так вырашана на нарадзе кампаніі «Абаронім незалежнасць», якую арганізавалі прадстаўнікі асноўных дэмакратычных партыяў і арганізацыяў Беларусі, — распавядае лідар Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч:
— Гэтая нарада была ініцыяваная па просьбе Паўла Севярынца. Мэта гэтай нарады — выпрацаваць супольны падыход да фармату акцыі пратэсту. Мы разглядзелі шматлікія варыянты, улічылі пэўныя недахопы, зрабілі высновы з папярэдніх акцый. Было прапанавана, што ва ўмовах зачысткі, якая пачалася, калі ўлады склалі дзясяткі пратаколаў па адміністрацыйных справах супраць удзельнікаў папярэдніх акцый пратэсту, найбольш лагічным было б правесці акцыю дэцэнтралізаваную ў фармаце ланцуга.
Гэты жывы ланцуг плануецца арганізаваць з 15.00 да 15.30 у нядзелю 29 снежня ад Галоўнага паштамту каля плошчы Незалежнасці — да Кастрычніцкай плошчы. Ён пройдзе замест планаванага раней мітынгу на Кастрычніцкай плошчы.
У нарадзе па падрыхтоўцы акцыі таксама удзельнічалі прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі «Зялёныя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі БНФ ды іншыя.