Лукашэнка дамаўляўся пра гарантыі ўласнай бяспекі?

Псіхолаг Элізабэт Кюблер-Рос выпрацавала пяць стадый эмацыйнага рэагавання на непазбежную сітуацыю. Гэта адмаўленне, гнеў, торг, дэпрэсія, прыняццё. Падобна, Лукашэнка ўрэшце дайшоў да апошняй стадыі і зразумеў, што прэзідэнтам ён ужо не з’яўляецца.

photo_2020_10_10_16_38_49_1.jpg

Тэлеграм-каналы паведамілі, што ў суботу Лукашэнка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязнямі. З ім на сустрэчы былі Віктар і Эдуард Бабарыкі, адзін з каардынатараў штабу Бабарыкі Юрый Васкрасенскі, юрыст, член Каардынацыйнай рады Лілія Уласава, адвакат Ілля Салей, паліттэхнолаг Віталь Шкляраў. Верагодна, на сустрэчы таксама быў Кірыл Бадзей, які да арышту займаў пазіцыю в.а. старшыні праўлення Белгазпрамбанка, а таксама дырэктар IT-кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч.

Амаль усіх гэтых людзей (за выключэннем, можа, Рабцэвіча і Шклярава) можна ўмоўна назваць «штабам Віктара Бабарыкі».

Нібыта, Лукашэнка размаўляў з палітвязнямі наконт рэформы Канстытуцыі. Інфармацыю пра сустрэчу афіцыйныя навіны падалі пад загалоўкам «Канстытуцыю на вуліцах не пішуць»! Але ў турме яе не пішуць тым больш. Таму сустрэча Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ, відавочна, не адпавядала афіцыйна агучанай версіі.

Варта ўзгадаць, што папярэднічала гэтай дзіўнай размове Лукашэнкі з яго вязнямі.

Гэтая сустрэча адбылася пасля некалькіх прыкметных у сваім родзе рэчаў. Спачатку Святлана Ціханоўская дазволіла Лукашэнку вылецець куды-небудзь на мора і пакінуць краіну ў спакоі. Потым сам Лукашэнка зайшоўся зусім бясталентным спічам пра тое, як ён «ратаваў» Ціханоўскую, і нават «прызнаўся» што экспрапрыяваў чужыя грошы, каб аддаць іх Святлане (хаця лепш бы аддаў тое, што следчыя «знайшлі» за яе канапай). Гэтае восеньскае трызненне, верагодна, павінна было быць сігналам кшталту: «Света, толькі я выратаваў цябе ад забойства».

Потым Макей пагутарыў з высокім прадстаўніком ЕС Жазэпам Барэлем. Макей нягегла спрабаваў апраўдацца за «беларускія санкцыі ў дачыненні да ЕС». У выніку гэтых санкцый адразу здарылася тое, пра што папярэджвалі разумныя людзі: ЕС перакрыў фінансаванне. Больш за тое: узнікла нават пагроза, што ў ЕС перастануць размяшчаць беларускія еўрабонды — а толькі гэтыя паперы забяспечвалі краіне магчымасць хоць неяк зводзіць канцы з канцамі.

Але Макею было катэгарычна заяўлена: размова мажлівая толькі пры вызваленні ўсіх затрыманых і палітвязняў, спыненні рэпрэсій і пачатку дыялогу па выхадзе з крызісу пад эгідай АБСЕ.

І вось — Лукашэнка сустракаецца з Бабарыкам і Шкляравым (што важна), а Святлане Ціханоўскай даюць пагаварыць па тэлефоне з мужам. Як пры гэтым быў арганізаваны міжнародны званок з турмы — не паведамляецца.

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская

Чаму Лукашэнка не мог абмяркоўваць з Бабарыкам змены ў Канстытуцыю? Пазіцыя Бабарыкі з гэтай нагоды вядомая: вяртанне дзеяння Канстытуцыі 1994 года і ніякіх цвікоў. Менавіта ініцыятыву рэферэндуму па вяртанні Асноўнага закона ў стан 1994 года Бабарыка і прасоўваў перад сваім арыштам. А яго штаб нават абвясціў аб фарміраванні ініцыятыўнай групы, якая павінна была сабраць 450 тысяч подпісаў, неабходных для правядзення рэферэндуму па гэтым пытанні. Як, у такім выпадку, з Бабарыкам можна абмяркоўваць новую Канстытуцыю?

Можа быць, сустрэча Лукашэнкі з палітвязнямі была заклікана прадэманстраваць нешта ЕС і міжнароднай супольнасці? Імаверна, не. Верагодна, Макей далажыў Лукашэнку, што «таргануць палітвязнямі», як гэта ўдавалася зрабіць раней, гэтым разам не атрымалася.

Лукашэнка мог абмяркоўваць з палітвязнямі пытанне іх «рэлакацыі» на Захад па прынцыпе Ціханоўскай? Сумніўна. У любым выпадку, такія пытанні не вырашаюцца са штабам Бабарыкі. Палітвязняў маглі бы проста па-ціхаму пасадзіць у самалёт і адправіць за мяжу. А самалёт — каб не здарылася, як з Калеснікавай, з самалёта яны дакладна не выскачаць.

Лукашэнка мог бы прыязджаць у СІЗА КДБ, каб пацешыць сваё эга, распавесці Бабарыку і кампаніі казку кшталту, «пратэст садзьмуўся, я выйграў, заканчвайце куклаводзіць». Але такі крок паказвае сітуацыю з дакладнасцю да наадварот: пераможца да пераможанага бахваліцца не прыязджае. Тым больш, што Бабарыка да выбараў і дапушчаны не быў, і разлічваць на тое, што ён выйдзе, і пратэсты спыняцца — не выпадае. Людзі выйшлі не столькі за Віктара Дзмітрыевіча (хоць і за яго таксама), колькі за Святлану Ціханоўскую. Таму ездзіць у КДБ да Бабарыкі з гэтай мэтай Лукашэнку бессэнсоўна.

Лукашэнка ў прынцыпе пагадзіўся на перамовы з грамадствам і падбірае сабе «апанентаў» на будучым «круглым стале»? Мы адзначалі вялікую праблему ўлады: спачатку пасадзіць тых, хто здольны весці перамовы, а потым скардзіцца, што няма з кім размаўляць. Але перамовы ў турме не вядуцца. Дый у любым выпадку, весці іх будзе не толькі каманда Бабарыкі. Так што такая «падрыхтоўка глебы» таксама не вельмі ўражвае.

У прынцыпе, Лукашэнка мог вырашаць са «штабам Бабарыкі» толькі адно. Гэта — гарантыі бяспекі яму і яго блізкаму атачэнню. Вось гэтае пытанне — якраз у кампетэнцыі Віктара Дзмітрыевіча і яго штаба.

i_7.jpg


Праграма Святланы Ціханоўскай вядомая ўсім. Гэта два простыя пункты: вызваленне палітвязняў і сумленныя празрыстыя выбары без Лідзіі Ярмошынай. Лукашэнка нават можа ўдзельнічаць у сумленных выбарах — усё роўна прайграе. Пры гэтым Святлана Ціханоўская заяўляла, што не хоча быць прэзідэнтам, і ці пойдзе яна ў прэзідэнты пры ўмове празрыстых і сумленных выбараў — на самай справе, вялікае пытанне.

Пры такіх раскладах найбольш верагодным кандыдатам на перамогу ў сумленных прэзідэнцкіх выбарах з’яўляецца вызвалены з СІЗА КДБ палітвязень Віктар Бабарыка.

Сам сабе Лукашэнка гарантый бяспекі даць не можа — ён не з’яўляецца легітымным прэзідэнтам і ўсе яго рашэнні не вартыя паперы, на якой напісаныя. Прапанову Ганны Канапацкай аб гарантыях «мінуламу прэзідэнту» Лукашэнка ў свой час зарэзаў — ён нават не ўяўляў, што ўсё абернецца вось так. Таму гарантыі бяспекі яму і яго блізкім можа даць толькі верагодны будучы абраны прэзідэнт. І такім чалавекам, з вялікай доляй верагоднасці з’яўляецца, як ужо гаварылася, Віктар Дзмітрыевіч Бабарыка.

У плане бяспекі ключавой фігурай з’яўляецца не толькі сам Віктар Дзмітрыевіч, але і паліттэхнолаг Віталь Шкляраў. Грамадзянін ЗША, працаваў (праўда, вельмі даўно) у партыі Меркель, потым у ЗША, быў датычны да кампаній Сандэрса і Абамы, і жанаты на супрацоўніцы амерыканскага Дзярждэпу. Верагодна, праз яго Лукашэнка спрабуе паслаць сігнал і ўладам Штатаў аб тым жа самым — аб гарантыях бяспекі.

Размова доўжылася чатыры з паловай гадзіны. Папраўкі ў Канстытуцыю Беларусі за гэты час можна было абмеркаваць разоў дзесяць, калі б размова ішла пра іх. На самай справе, пакуль жа і абмяркоўваць няма чаго: праект новай Канстытуцыі бачыла абмежаванае кола адмыслоўцаў, якія над ёй працуюць. І не думаю, што для штабу Бабарыкі ў СІЗА КДБ зрабілі выключэнне.

Такім чынам, верагоднасць таго, што Лукашэнка вырашыў «рвануць з краіны» і вядзе размовы пра гарантыі бяспекі — напэўна, не нулявая.