Лукашэнка прадае Маскве «рускасць»
Беларускі кіраўнік схільны казаць тое, што ўлагоджвае слых пэўнай аўдыторыі. На Сусветным кангрэсе рускай прэсы ў Мінску ён расказваў, як у цяжкім баю з нацыяналістамі адстаяў і ўзвысіў пазіцыі мовы ўсходняй суседкі.
Больш за тое, аказваецца, грунт беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі складаюць «найвышэйшыя хрысціянскія ідэалы, якімі заўсёды натхнялася руская цывілізацыя».
У сваёй прамове пад зборамі Нацыянальнай бібліятэкі 20 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка таксама аддаў даніну профільнай тэматыцы медыйнай браціі. Ён адпрэчыў паклёп ворагаў наконт заціску свабоды слова ў Беларусі і ў той жа час па-філасофску разважыў, што «у свеце няма абсалютнай свабоды. Тот, хто не залежыць ад урада, залежны ад уласніка выдання, ад рэкламадаўцаў, ад капрызаў публікі, урэшце ад памылак, эмоцый і заблуджэнняў уласных журналістаў».
«Параўнаў быка з індыкам»
Прыгожая фраза, але наскрозь маніпулятыўная.
Гэта жаданне паставіць на адну дошку дзяржаўную прэсу, якая пад заступніцтвам улады дамінуе ў Беларусі, і недзяржаўную, якая вядзе рэй у дэмакратыях. Беларусы ў такіх выпадках кажуць: «Параўнаў быка з індыкам» (пакуль кажуць, але яшчэ
некалькі дзесяцігоддзяў
русіфікавання — і мова
тытульнай нацыі можа памерці).
Паводле Лукашэнкі, «універсальнай формулы,
якая б забяспечвала аб'ектыўнасць
прэсы, не існуе». Так, канкурэнтны медыярынак, якога няма
ў аўтарытарнай Беларусі
і які дыктуе свае правілы ў заходніх краінах, таксама не развязвае ўсіх праблем свабоды слова. Аднак бясспрэчна дае ёй значна большы абшар, чым казённая псеўдажурналістыка з яе прыматам прапаганды, усхвалення генеральнай лініі.
Сапраўды, у дэмакратыях
ёсць СМІ якасныя і бульварныя, але ў цэлым медыярынак прымушае рабіць больш кандыцыйны інфармацыйны і аналітычны прадукт. Таму што панылы пропагандос ніхто не купляе. А вертыкалі, якая навязвае падпіску, там няма.
Байнэт: мяккая рука ўлад на горле
«Беларусь часта ўпікаюць за адсутнасць свабоды слова. Увогуле, за гэта смешна сёння
ўпікаць пасля з'яўлення інтэрнэту», — заўважыў Лукашэнка на кангрэсе.
Вядома, у гэтым плане ў нас далёка не Кітай. «Так, інтэрнэт у Беларусі
сапраўды галоўным чынам
здымае праблему свабоды слова, — згодзен медыяэксперт
Паўлюк Быкоўскі. — Але гэта не значыць, што грамадства мае доступ да плюралістычнай і сапраўды даставернай інфармацыі».
У каментары для Naviny.by аналітык падкрэсліў: інтэрнэт не замяняе працу прафесійных журналістаў — усё роўна, працуюць яны для традыцыйнага выдання, тэлебачанні ці вэб-СМІ. «А ўсё, што з'яўляецца медыябізнесам, схільна да самацэнзуры. І гэта праблема», — рэзюмаваў Быкоўскі.
На праблему самацэнзуры ўказала ў інтэрв'ю для Naviny.by і кіраўнік праекта Mediakritika.by Яніна Мельнікава. Яна згодна, што абсалютнай свабоды СМІ не бывае, але разам з тым падкрэслівае: ненармальна, калі над журналістам вісіць дамоклаў меч пагрозы толькі за тое, што ён імкнецца сумленна ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць. А ў Беларусі сітуацыя менавіта такая, што вядзе да самацэнзуры, негалоснага спіса тэм, якіх лепш не дакранацца, адзначае эксперт.
Словы Лукашэнкі пра інтэрнэт Мельнікава расцэньвае як мімавольнае прызнанне ўлад у тым, што ў іх не атрымалася правесці ў жыццё цвёрды, на манер кітайскага, варыянт кантролю над сеткай, «ператварыць сусветны віртуальны акіян у лужынку». Але калі ўлада бачыць небяспеку выйсця сеткавай актыўнасці ў рэал, як гэта было, прыкладам, у перыяд арганізаваных праз сацыяльныя сеткі «маўклівых акцый» 2011 года, то ў ход ідуць, па словах Мельнікавай, «грубыя афлайнавыя метады» сілавікоў супраць арганізатараў.
А так — сапраўды, калі твітар-рэвалюцыяй не пахне,
улады і спецслужбы нават кайфуюць. Сетка ж ананімная
толькі для круглых дурняў. Насамрэч Вялікі
брат глядзіць на цябе.
У інтэрнэце лёгка адсачыць крамольнікаў, можна таксама замуціць
вайну ўсіх супраць усіх: хай лідары і актывісты «пятай калоны» паляць энергію на згрызоту, распранаюць адзін аднаго і кожны сам сябе, ператвараюцца ў банальных троляў.
Пры такім сеткавым узаемапаглынанні змагароў людзі з органаў проста адпачываюць. Але гэта ўжо пытанне сталасці, культуры тых, хто называе сябе дэмакратычнай супольнасцю. Пакуль у ім зашкальваюць узаемная няцерпнасць, хамства, пануе эпідэмія татальнай падазронасці, рэжым можа спаць спакойна.
Легенда са старога куфра: пра лютых нацыяналістаў
Легенда
ж пра тое, як малады прэзідэнт сінявокай рэспублікі ўтаймаваў тут разгул нацыяналізму пачатку 90-х, калі рускія нібыта сядзелі на валізках, штораз выцягваецца з прапахлага нафталінам куфра афіцыйнай міфалогіі, калі трэба пакрасаваць перад рускай аўдыторыяй. Вось і цяпер Лукашэнка заявіў, што не шкадуе пра
рэферэндум 1995 года, што
надаў рускай мове статус дзяржаўнай.
Па перакананні ж нацыянальнай контрэліты, гэта прывяло да згубных наступстваў для мовы тытульнай нацыі, і так падкошанай дзесяцігоддзямі ўзмоцненага камуністычнага русіфікавання.
Лукашэнка «прадае сваю моўную палітыку ў абмен на расійскія прэферэнцыі», перакананы
Андрэй Дынько, шэф-рэдактар легендарнага нацыянальнага медыябрэнда «Наша ніва» (сёння гэта не толькі газета, але і
раскручаны сайт, які аспрэчвае стэрэатып, што беларускамоўны рэсурс не можа стаць папулярным).
У каментары для Naviny.by Дынько заявіў: Масква аплачвае такую палітыку русіфікавання, бо гэта выгадна расійскім уладам у даўгачасным плане. Але гэта небяспечная палітыка вядзе да паслаблення нацыянальнай самасвядомасці беларусаў і ў перспектыве некалькіх дзесяцігоддзяў пагражае самай незалежнасці краіны.
Калі цябе ўдарылі дэвальвацыяй па адной шчацэ…
Абываталь, які думае страўнікам, вядома, далёкі ад жарсцяў па мове. Але вось наконт нейкага адменна духоўнага «руска-хрысціянскага» грунту беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі і просты чалавек можа паспрачацца. У дзвюх дэвальвацыях і гіперінфляцыі 2011 года было не вельмі шмат любові да блізкага. І які адменны хрысціянскі сэнс у тым, што беларусы па заробках адстаюць амаль ад усіх суседзяў — палякаў, літоўцаў, тых жа рускіх? Так, амаль роўнасць, але роўнасць на грані беднаты (калі вынесці за дужкі «царскія сёлы» слуг народа).
Увогуле, ёсць вялікія падозранні, што ў грунце беларускай мадэлі з яе прыматам дзяржуласнасці і ўсеўладдзем урадоўцаў — зусім не хрысціянскія каштоўнасці, а банальнае імкненне ўсё кантраляваць для ўтрымання ўлады. У тым ліку кантраляваць і прэсу, па-філасофску заўважаючы, што абсалютнай свабоды няма. І што ў нібы незалежным друку таксама дастаткова
«качак», трэша і
г.д.
Такія разважызмы не адкаментуеш лепш, чым гэта зрабіў у свой час Альбер Камю: «Свабоды друк бывае добры ці дрэнны, гэта дакладна. Але яшчэ больш дакладна тое, што несвабодны друк бывае толькі дрэнны».
Аляксандр Класкоўскі, naviny.by