Лявончык: На першых свабодных выбарах беларусы дакладна абяруць не чарговага Лукашэнку
Праваабаронца і сузаснавальнік вядомых фондаў дапамогі Аляксей Лявончык піша ў сваім Facebook пра вынікі 2020 года, і лічыць, што «мы тады ўсё ж перамаглі».
Прыводзім яго меркаванне.
«На другія ўгодкі беларускай рэвалюцыі 2020 года я напішу набіўшае аскому «мы тады ўсё ж перамаглі». Не, нам не здалося тады ўзяць уладу. Чаму — хай разьбіраюцца гісторыкі, калі мы гэтую ўладу нарэшце возьмем.
Я браў удзел у дэмакратычным руху пачынаючы зь 2007 года — і блізка пільнаваў палітыку ўжо зь 1998-га. І я ня памятаю аніводных выбараў, калі б я мог шчыра сам сабе сказаць, што так — цяпер на плошчу выйшла бальшыня.
Цяпер сацыяльны кантракт зламаны.
Не. На плошчу шторазу выходзіла меншыня — хай нават яна ўсё болела з кожным выхадам. Бальшыні было пофігу. Бальшыня хацела нармальна жыць, бо яшчэ не разгледзелася, што можна нармальна жыць інакш і без лукашызму.
Не было яшчэ тады дастатковага роўня дабрабыту, каб дазволіць сабе зьезьдзіць выпіць кавы ля палацу Шонбрун, як пісаў клясык. Бальшыня параўноўвала сябе з Украінай — і знаходзіла кучу нагодаў сказаць «а ў нас лепей». Ды што там — самі ўкраінцы казалі нам пра парадачак і крэпкава хазяйсьцьвенніка.
У 2015 годзе рэжым, апасаючыся паўтору крымнаша, адпусьціў цуглі і перастаў мяшацца ў непалітычны актывізм — што спрычынілася да неверагоднага практыкаваньня ў самаарганізацыі цягам наступных пяці год.
Практыкаваньня, якое скончылася кампаніяй BYcovid, якая фактычна замяніла дзяржаву, што адмаўляла існаваньне віруса.
І галоўнае — да таго чаму бальшыня ўжо наезьдзілася й нагледзелася, бо ровень дабрабыту дазваляў.
І калі 16 жніўня, пасьля вестак аб катаваньнях у турмах, на вуліцы выйшлі 3% насельніцтва краіны — ды й яшчэ пад забароненым сымбалем, то стала відавочна, што сацыяльны кантракт рухнуў.
Цыцэрон казаў, што раб марыць не аб свабодзе, а аб праве мець сваіх рабоў. Бандэра казаў, што нічога не спыніць ідэю, час якое настаў. Жнівень 2020 года давёў, што ідэя пранікла ў нас. Можна ўстроіць рэпрэсіі ўзроўню Паўночнай Карэі — ды толькі з агульнапрынятай ідэяй ствалом змагацца немагчыма. You can not shoot the words.
Калі ўстроіць свабодныя выбары ў сёньняшнім Туркменістане, то хутчэй за ўсё атрымаеш сабе чарговага туркменбашы. Але на першых свабодных выбарах беларусы ўжо дакладна абяруць не чарговага Лукашэнку.
І гэта ніякімі рэпрэсіямі не выцерці. Яшчэ ў 2015 годзе ў мяне не было такой перакананасьці.
Нічога не спыніць ідэю, час каторай настаў. Нашая ідэя настала роўна два гады таму».